Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яны выбрацца адтуль да цемнаты. Ну, шаноўны, кароль гатоў прыняць вашу паслугу.

Джо зняў сурдут, камізэльку, гальштук і, падперазаўшы скураны фартух, прайшоў у кузню. Адзін з салдат адчыніў драўляныя акяніцы, другі расклаў агонь, трэці стаў каля меха, астатнія размясціліся вакол горна, які неўзабаве запалаў. Джо ўзяўся стукаць сваім малатком, а мы ўсё стаялі і глядзелі на яго.

Нарэшце ляск жалеза і шум меха заціхлі. Джо скончыў работу, апрануў сурдут і, набраўшыся храбрасці, прапанаваў каму-небудзь з нас пайсці разам з салдатамі, каб даведацца, чым скончыцца пагоня. Містэр Вопсль заявіў, што ён гатоў пайсці, калі пойдзе Джо. Джо сказаў, што пойдзе з прыемнасцю і возьме мяне з сабою, калі місіс Джо дазволіць. Я ўпэўнен, што нас-бы ні за што не пусцілі, калі-б цікаўнасць місіс Джо не была так моцна ўзбуджана. Але на гэты раз яна абмежавалася толькі заўвагаю:

— Май на ўвазе, што калі ты прывядзеш назад хлапчука з прастрэленай галавою, дык я папраўляць яе не бяруся.

Калі мы вышлі на свежае паветра і накіраваліся да месца прызначэння, я шапнуў Джо: «Спадзяюся, Джо, што мы іх не знойдзем». І Джо шапнуў мне ў адказ: «Я ахвотна заплаціў-бы шылінг, Піп, каб толькі яны ўцяклі ад нас».

Калі мы вышлі на нудную пустку, дзе я быў гадзін восем ці дзевяць таму назад і бачыў абодвух бегляцоў, мне ў першы раз прышла ў галаву жахлівая думка: што калі мой незнаёмец западозрыць, што гэта я выдаў яго салдатам? Ён пытаўся тады, ці не ашукваю я яго, і сказаў, што я быў бы надта злым шчанюком, калі-б далучыўся да агульнага цкавання супроць яго. Няўжо ён падумае, што я сапраўды выдаў яго?

Салдаты ішлі наперадзе, расцягнуўшыся ў даволі доўгую лінію з вялікімі прамежкамі паміж людзьмі,