Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Тут сястра канчаткова страціла цярпенне, накінулася на Джо і, схапіўшы яго за абедзве бакенбарды, прыціснула яго галаву да сцяны. Я моўчкі сядзеў у сваім кутку і вінаватымі вачыма глядзеў на гэтую сцэну.

— Ну, сыты, лупаты вяпрук, ці скажаш ты мне, нарэшце, у чым справа? — праказала сястра, задыхаючыся ад злосці.

Джо бездапаможна зірнуў на яе, з роспаччу адкусіў кавалак хлеба і зноў утаропіўся на мяне.

— Ведаеш, Піп, — прамовіў ён урачыста, з непражаваным кавалкам за шчакою і такім прыяцельскім тонам, нібы мы былі з ім толькі ўдвух, — мы з табою заўсёды былі сябрамі, і ўжо, вядома, не мне на цябе скардзіцца. Але гэта такі, — ён адсунуў сваё крэсла, паглядзеў на падлогу паміж ім і мною і зноў узняў вочы на мяне, — такі незвычайны глыток.

— Ды што, ён увесь свой хлеб праглынуў, ці што? — закрычала сястра.

— Ведаеш, галубочак, — гаварыў Джо, гледзячы па-ранейшаму на мяне, а не на місіс Джо, і па-ранейшаму з кавалкам за шчакою, — я бачыў такі едакоў на сваім вяку, але, прызнаюся, такога глытка не бачыў. Шчасце тваё, што ты не памёр, Піп.

Сястра кінулася да мяне, злавіла мяне за валасы і пацягнула за сабою, паўтараючы страшныя словы: «Пойдзем, я дам табе лякарства»,

Нейкі шэльма-доктар увёў у тыя часы ў моду дзягцярную ваду, як рашучы сродак супроць усіх хвароб, і місіс Джо заўсёды мела запас гэтага зелля ў сваім камодзе, бо была ўпэўнена, што калі лякарства такое агіднае на смак, значыць яно добра памагае. Нават калі я адчуваў сябе зусім добра, у мяне ўлівалі такую страшэнную колькасць гэтай вадкасці, у якасці ўмацавальнага сродку, што ад мяне тхнула — я сам гэта адчу-