я ўбачыў яго ў першы раз, ён сядзеў за кнігамі, а цяпер я заўважыў, што ён быў увесь у чарніле.
— Хто цябе ўпусціў? — запытаўся ён.
— Міс Эстэла.
— Хто дазволіў табе тут бадзяцца?
— Міс Эстэла.
— Хадзем біцца, — сказаў бледны малады джэнтльмен.
Што мне заставалася рабіць, як не пайсці следам за ім? Манеры яго былі такія рашучыя, і я быў так здзіўлен, што пайшоў за ім, як зачараваны.
— Спыніся на хвіліну, — сказаў ён, павярнуўшыся, ледзь мы паспелі прайсці некалькі крокаў. — Я павінен спачатку даць табе повад да бойкі. Вось!
Пляснуўшы ў ладкі з самым задзірыстым выглядам, ён спрытна адкінуў назад адну нагу, тузануў мяне за валасы, яшчэ раз пляснуў у ладкі, нагнуўся і пнуў мяне галавою ў жывот.
Гэты бычыны манеўр, — ужо не кажучы аб тым, што я не мог не палічыць яго вялікай вольнасцю, — з‘яўляўся асабліва непрыемным пасля сытнага снедання. Я паднёс яму добрага туза і збіраўся паднесці яшчэ раз, але ён сказаў: «Ага, не адмаўляешся?» і пачаў так незвычайна прытанцоўваць на адным месцы, што я, ад недахвату спрактыкаванасці, не знаходжу нават слоў для параўнання.
Я спалохаўся ў глыбіні душы, убачыўшы яго спрытнасць, але ў той-жа час усведамляў і маральна і фізічна, што яго белабрысай галаве не было ніякай справы да майго жывата, і што, значыцца, я маю права даць ёй здачы, паколькі яна сама напрашваецца на маю ўвагу. Таму я, ні слова не кажучы, пайшоў следам за ім у дальні куток саду, адгароджаны ад цікаўных вачэй двума сценамі і кучаю смецця. Запытаўшы мяне, ці задаволены я арэнаю, і атрымаўшы сцвяр-
71