віча ў Лондан, але маім прыяцелям было ў гэтым адмоўлена.
Мы прабылі ў гасцініцы даволі доўга, чакаючы прыліву. Калі вада паднялася, Мегвіча вынеслі на руках і паклалі на палубу катэра. Герберт са Стартопам адправіліся ў Лондан сухім шляхам і павінны былі пастарацца прыбыць туды як мага хутчэй. Сумнае было наша развітанне! Заняўшы сваё месца каля Мегвіча, я даў сабе слова, што з гэтай хвіліны да самай яго смерці гэтае месца будзе маім. Уся мая ранейшая агіда да яго цяпер знікла без следу. У зацкаванай, параненай, скаванай істоце, якая трымала мяне за руку, я бачыў цяпер толькі чалавека, які хацеў быць маім дабрадзеем, які на працягу шмат гадоў са здзіўляючым пастаянствам меў да мяне самыя пяшчотныя, удзячныя, велікадушныя пачуцці. Я бачыў у ім чалавека непараўнальна лепшага, чым быў я сам у адносінах да Джо.
Пад канец дня дыханне яго рабілася ўсё больш цяжкім і пакутлівым, часта ў яго вырываўся мімавольны стогн; я падтрымліваў яго, наколькі мог, сваёй здароваю рукою, стараючыся надаць яму больш спакойнае становішча. Як ні жахліва ў гэтым прызнацца, але ў глыбіні душы я не шкадаваў аб тым, што ён небяспечна паранены, таму што для яго лепш за ўсё было цяпер-жа памерці. Цяжка было дапускаць, што не знойдзецца нікога, хто пажадаў-бы і мог-бы даказаць, што ён сапраўды Мегвіч; не было ніякіх падстаў спадзявацца, што да яго аднясуцца спагадліва: ён яшчэ тады, калі ўпершыню трапіў на лаву падсудных, быў прадстаўлен суддзям у самым дрэнным святле; уцёк з турмы, другі раз быў суджаны; не гледзячы на небяспеку атрымаць законнае пакаранне, вярнуўся самавольна з ссылкі і ў дадатак да ўсяго быў віноўнікам смерці чалавека, які садзейнічаў яго арышту.
Мы паплылі назад тым-жа шляхам. Я гаварыў з
318