сецца прама на нас. Я бачыў, як чалавек, што сядзеў на рулі, паклаў руку на плячо арыштаванаму, як цячэнне закруціла нашы абедзве лодкі, як матросы забегалі на палубе парахода. Я бачыў, як Провіс ускочыў, падаўся наперад, адкінуў трымаўшую яго руку і сарваў плашч з захутанага чалавека: маім вачам адкрыўся твар, які быў даўно мне знаёмы, — твар другога катаржніка. Гэты твар памярцвеў ад страху і адсхіснуўся; жахлівы крык прагучэў на палубе парахода, я пачуў гучны плеск вады і адчуў, што наша шлюпка ідзе на дно. Усё гэта адбылося ў адзін момант. Я не паспеў апамятацца, як апынуўся ў вадзе, мне здалося, што я трапіў у тысячу млынарных калёс, што мяне абкружыла тысяча маланак; у наступны момант я ўжо ляжаў на палубе катэра. Герберт і Стартоп былі тут-жа, але наша шлюпка знікла, зніклі і абодва качаржнікі.
У першыя хвіліны я не мог адрозніць неба ад зямлі, аднаго берага ад другога, так мяне аглушылі крыкі, якія даносіліся з параходнай палубы, прарэзлівы свіст пары, мітусня пры адчальванні катэра. Пасля некалькіх удараў вёсламі каманда катэра перастала грабці, усе маўкліва і прагна пачалі глядзець на паверхню. вады за кармою катэра. Неўзабаве там паказаўся нейкі цёмны прадмет, які несла да нас цячэннем.
Ніхто не прараніў ні слова. Рулявы моўчкі падняў руку, грабцы пачалі табаніць вёсламі і падалі катэр назад, бліжэй да цёмнага прадмета. Калі мы падышлі да яго ўсутыч, я ўбачыў, што гэта быў Мегвіч, які плыў з вялікім намаганнем. Яго выцягнулі на катэр і зараз-жа надзелі кайданы на рукі і на ногі.
Катэр зноў спыніўся, зноў усе позіркі накіраваліся на ваду. У гэты час да нас падышоў поўным ходам ротэрдамскі параход; відавочна, там не падазравалі аб тым, што здарылася. Яму гукнулі, ён зменшыў ход, потым пайшоў услед за гамбургскім. Катэр закалываўся на ўзнятых імі хвалях.
316