Перайсці да зместу

Старонка:Вялікія чаканні (1940).djvu/302

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Што гэта?— крычаў я, вырываючыся з пятлі. — Хто тут? Памажыце, памажыце!

Я адчуваў жахлівыя мучэнні ад таго, што мае рукі былі моцна прыціснуты да бакоў і апечаная рука нясцерпна балела. Каб я не крычаў, мне заціскала рот то чыясьці мускулістая рука, то здаравенныя грудзі, я адчуваў каля сябе нейчае гарачае дыханне, адчуваў, што мяне да нечага моцна прывязваюць, і дарэмна прабаваў вырвацца.

— А ну, папрабуй цяпер крычаць! — праказаў з новаю лаянкай той-жа голас. — Папрабуй, — я з табою ўмомант пакончу.

Я адчуваў такія пакуты, што ў мяне муцілася ў галаве. Аслабеўшы ад болю, аглушаны нечаканым нападам, я адчуваў, што прывесці ў выкананне гэтую пагрозу вельмі лёгка. Таму я перастаў крычаць і пачаў прабаваць хоць крыху вызваліць сваю хворую руку; але вяроўкі сцягвалі яе надта моцна. Раней я адчуваў боль ад апёку, цяпер-жа мне здавалася, быццам мая рука кіпіць у агні.

Навокал быў поўзмрок, але раптам настуліла поўная цемра, я здагадаўся, што чалавек, які знаходзіўся ў пакоі, зачыніў акяніцы. Пашарыўшы некаторы час у цемры, ён адшукаў крэмень і крэсіва і пачаў высякаць агонь. З напружанаю ўвагаю глядзеў я на іскры, падаўшыя на трут, на які ён дзьмухаў з усёй сілы. Але я бачыў, і то толькі хвілінамі, толькі яго губы і блакітны кончык запалкі, якую ён трымаў напагатове. Трут адсырэў, што пры такой вільготнасці было і не дзіўна, іскры гаслі адна за адною, але ён не спяшаўся і па-ранейшаму метадычна пастукваў крэмнем аб сталь.

Іскры падалі часцей і ярчэй. Я цяпер мог адрозніць ужо яго рукі, абрысы яго твара, мог здагадацца, што ён сядзіць, нагнуўшыся над сталом, толькі і ўсяго. Сінія губы ўсё таксама ўпарта раздувалі трут, нарэшце ўспыхнула полымя і асвяціла… Орліка!

301