— Мне здаецца, — праказала Эстэла з поўным спакоем, — што бываюць пачуцці, фантазіі, капрызы, — не ведаю, як іх назваць, — якіх я зусім не здольна разумець. Калі вы гаворыце, што кахаеце мяне, я разумею значэнне гэтага слова, але для мяне яно застаецца пустым гукам. Вы нічога не ўзбуджаеце ў маім сэрцы… Мяне ніколькі не кранае ўсё, што вы гаворыце, я застаюся зусім раўнадушнай. Я рабіла спробу вас перасцерагчы. Рабіла-ж, ці не праўда?
— Так, — адказаў я жаласна.
— Але вы не захацелі звяртаць увагі на мае перасцярогі, вы не верылі, што я сапраўды так думаю, як кажу. Не верылі-ж?
— Не верыў. Я спадзяваўся, што вы не можаце так думаць. Вы — такая юная, неспрактыкаваная, прыгожая! Эстэла, гэта ненатуральна!
— Для мяне натуральна, — запярэчыла яна і дадала з моцным націскам: — такую натуру ва мне стварылі. Я раблю вялікую розніцу паміж вамі і іншымі, кажучы вам тое, што цяпер кажу. Больш я для вас нічога не магу зрабіць.
— Ці праўда, што Бентлі Дрэмль з‘явіўся за вамі сюды і праследуе вас сваім ухажваннем?
— Безумоўная праўда, — адказала яна тым раўнадушным тонам, калі гавораць аб чалавеку, да якога адчуваюць поўную пагарду.
— Ці праўда, што вы заахвочваеце яго, ездзіце з ім конна; ці праўда, што ён нават абедае ў вас сёння?
Здавалася, яна была злёгку здзіўлена тым, што мне гэта вядома, але зноў адказала:
— Безумоўная праўда.
— Эстэла, вы не можаце яго кахаць!
Цяпер, у першы раз яе пальцы спыніліся, і яна з гневам вымавіла:
— Што я вам толькі што казала?! Ці вы ўсё-такі
256