Перайсці да зместу

Старонка:Вялікія чаканні (1940).djvu/256

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Чаму гэта павінна быць зроблена без яго ведама? — запыталася яна і, каб уважліва сачыць за выразам майго твара, абапёрлася абодвума рукамі на кастыль.

— Таму што пачатак гэтай справе пакладзены мною больш двух год таму назад, уся аперацыя ўладжана без яго ведама, і я не хочу, каб да яго дайшло, што тут замешаны я. Чаму я не маю магчымасці дакончыць пачатага, — я не магу вам растлумачыць; гэта зноў-такі чужая таямніца, а не мая.

Калі я скончыў, яе вочы былі накірованы не на мяне, а на полымя, гарэўшае ў каміне. Яна глядзела на яго, — мне гэты час паказаўся доўгім у маўклівасці пакоя пры міглівым святле павольна аплываючых свечак, — яна глядзела на агонь, пакуль трэск галавешкі не прабудзіў яе ад задумення. Тады яна зноў глянула на мяне, спачатку даволі няўважліва, потым пільна, нарэшце з самай напружанай увагай. Між тым Эстэла ўсё вязала. Пранізваючы мяне наскрозь сваім позіркам, міс Гевішам запыталася, як быццам наша гутарка не перапынялася:

— Яшчэ што?

— Эстэла! — праказаў я, звяртаючыся цяпер да яе і дарэмна стараючыся, каб голас мой не дрыжэў. — Эстэла! вы ведаеце, што я кахаю вас. Вы ведаеце, як даўно, як горача я кахаю вас.

Пры гуках майго голасу Эстэла падняла на мяне вочы, але не пакідала працаваць. Яе твар захоўваў поўную нерухомасць. Я бачыў, што міс Гевішам пераводзіць вочы з яе на мяне.

— Я прызнаўся-б вам у гэтым ужо даўно, калі-б не маё сумнае заблуджэнне: я так доўга спадзяваўся, што міс Гевішам прызначае нас адзін для аднаго, і, думаючы, што вы не можаце самі распараджацца сваімі пачуццямі, я прымушаў сябе маўчаць. Але цяпер я павінен выказацца.

255