гэта здарылася. Калі-б вы з якой-небудзь мэтаю выхавалі прыёмную дачку ў поўнай адзіноце і цемры, так што яна і не падазравала-б, што на свеце ёсць сонца, і калі-б пасля гэтага захацелі, каб яна палюбіла сонечнае святло, а яна не магла-б гэтага зрабіць, то вы і тады злаваліся-б і абураліся на яе.
Міс Гевішам схапілася рукамі за галаву і моўчкі хісталася з боку ў бок, а з яе грудзей часамі вырываліся прыглушаныя рыданні.
— Адным словам, — сказала Эстэла, — вы мяне зрабілі такою, якая я цяпер. Удача і няўдача ў гэтай справе належаць не мне, хоць і блізка мяне датычаць.
Я не заўважыў, як міс Гевішам апынулася на падлозе сярод раскіданых пабляклых рэчаў шлюбнага ўбранства. Гэты момант я скарыстаў, каб выйсці з пакоя, бо з самага пачатку гутаркі ўжо чакаў зручнага выпадку, — і жэстам папрасіў Эстэлу паклапаціцца аб міс Гевішам. Калі я выходзіў, Эстэла ўсё яшчэ стаяла ля каміна ў той-жа позе, якую яна захоўвала на працягу ўсёй гэтай размовы. Сівыя валасы міс Гевішам звесіліся на падлогу, і выгляд варты жалю мела яна сярод усіх гэтых шлюбных рэліквій.
РАЗДЗЕЛ XXXV
Мне мінула дваццаць тры гады, а тым часам будучыня мая ніколькі не стала больш яснай. Прайшоў тыдзень пасля дня майго нараджэння. Ужо больш года мы жылі не ў Барнардавым падвор‘і, а ў Тэмплі, і вокны нашай кватэры выходзілі на раку.
Нашы ранейшыя адносіны з містэрам Покетам з некаторага часу змянілі свой характар, хоць мы і заставаліся прыяцелямі. Не гледзячы на маю няздольнасць рэгулярна займацца чым-бы то ні было, якая вынікала, магчыма, з той прычыны, што я вельмі бязладна распараджаўся сваімі грашыма, я захапіўся чы-
213