што гэта подла, агідна, нізка і так далей. К гэтаму часу дыліжанс быў гатовы, фурман спяшаўся, пасажыры пачалі рассаджвацца; падышлі і катаржнікі з салдатам, разносячы своеасаблівы, неразлучны з прысутнасцю арыштанта пах печанага хлеба, змешаны з пахам байкі і пянькі.
— Дарэмна вы злуецеся, сэр, — пераконваў салдат фанабэрыстага пасажыра. — Я сам сяду побач з вамі, а іх пасаджу за сабою. Яны не будуць датыкацца да вас, сэр, вы можаце не звяртаць на іх ўвагі.
—Я-то тут ужо зусім не пры чым, — прабурчэў знаёмы мне катаржнік. — Я еду не па сваёй ахвоце і быў-бы вельмі рад астацца. Я з прыемнасцю ўступлю сваё месца, калі знойдзецца жадаючы.
— Я таксама, — праказаў панура яго таварыш. — Каб была мая воля, то я не турбаваў-бы нікога з вас.
Тут абодва засмяяліся і пачалі трушчыць арэхі, насмечваючы ўсюды шкарлупаю. Калі-б я быў на іх месцы і адчуваў, як усе мною пагарджаюць, я, напэўна, вёў-бы сябе таксама.
— Да пабачэння, Гендзель! — закрычаў мне Герберт, — калі мы рушылі з месца, і я падумаў: «Якое шчасце, што ён не называе мяне Піпам».
Нельга выразіць з якою сілай я адчуваў дыханне катаржніка за маёй спіною. Адчуванне было такое, як быццам да майго мозга датыкаліся якой-небудзь вострай раз‘ядаючай кіслатою, і я мімаволі сціскаў зубы. Здавалася, ён дыхаў куды мацней і гучней за свайго таварыша, і я адчуваў, як у мяне адно плячо падымалася ўсё вышэй і вышэй у дарэмных намаганнях абараніць сябе ад гэтага дыхання.
Надвор‘е было страшэнна сырое, і катаржнікі пракліналі холад. Хутка ўсіх нас ахапіла нейкае здрантвенне, і калі дыліжанс праехаў харчэўню, якая стаяла на поўдарозе, усе драмалі, клявалі носам і маўчалі. Я таксама задрамаў, думаючы аб тым, ці не павінен
170