Старонка:Вялікодная пісанка (1914).pdf/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

пацешаць іх. Сьмяшлівые вочы Кандрата Гоцкі акінулі мужчын.

— Начальства з розумам цалуецца — сказаў ён.

— А тож я не начальства?! — павярнуў стараста малапаслушную галаву у бок Кандрата.

— Хто ж гаворыць, што ты не начальства? Хіба ня ведаем? Ці ня ты з нас падаткі бярэш? — Стараста нізка апусьціў галаву і слухаў, і ў тых мястох, дзе падцьверджалося яго начальство, ён здаволенна ківаў галавой.

Ці ня ты гоніш нас на работу? — гаварыў далей Кандрат, а стараста зноў скалыхнуў галавою.

— Ці ня ты павесткі нам падпісываеш і завераеш?

На стараставых губах зьявілася шчасьлівая усьмешка.

— І ты разумны, Кандрат! ты і Мікіта. Гавары далей.

— Ці не цябе гэта Сальвось Кастантынаў гнаў з млёнам праз ўсю вуліцу? — Тут стараста узьняў на Кандрата вочы.

— Што?! — спытаў стараста. — Мужчыны зарагаталі.

— Ці ня ты ў халодной сядзеў, помніш можэ — земскі пасадзіў?..

— Маўчаць!

— Ці ня ты гэта, як жэбрак, нядоімкі зьбіраеш?

— Дурак! — крыкнуў стараста: — дурак ты!

— Ніхай сабе дурак, а ты — папіхач, якое ты начальства? Пхае цябе пісар, пхае старшына, земскі… хто ня хочэ хіба, то той не пхае. Спытай хоць разумнаго Мікіту.