Старонка:Выбраныя вершы (Чарот, 1925).pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЧЫРВОНЫЯ ВЯСЬНЯНКІ

1.

Зазьвінелі рэчкі крыгамі;
Сонца чэрпае променем лужы.
Калёсамі вуліца скрыгае…
Жураўлі па-над вёскаю кружаць.

Прывіталі высь блакітную
Сьпевы жаўрыка у белым тумане.
Балота пушыцца ракітаю;
Лес шуміць, спатыкаючы раньне.

Сенажаць прайсьці прыгожа нам, —
Паміж зелені выплылі кветкі…
Каровамі выган стрыножаны,
Рвуць рагамі куп‘ё пералеткі.

Зашумела поле хвалямі,
Мітусеньнем выплыўшай руні…
Вясну закліканьнем хвалім мы.
Не змаўкаюць гучлівыя струны.