Перайсці да зместу

Старонка:Выбраныя вершы (Хадыка, 1932).pdf/68

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

АГОНЬ ДУШЫ

Прайшоў я лятуценна да зары
І сэрца чыстае пакінуў каля рос,
Каб аб сабе лірычней гаварыць
І сной травы і залатых бяроз.

Цьвіце дарог нязрушная дуга —
Пясочны заварат, як першатвор.
Блакітны, я іду перамагаць
Прываблівую потайнасьць пячор.

Няхай расьце ўзрушаны імпэт
Ў грудзёх маёй абуджанай зямлі.
Жыць варта тут, калі сьпявае сьвет
Вясновую мэлёдыю далін.

Натхнёных бур я сёньня валадар,
Ўрачысьцей перамог, агонь душы — гары.
Паміж нізін дзіклівых, праз імшар
Прайшоў я лятуценна да зары.