Перайсці да зместу

Старонка:Выбраныя вершы (Хадыка, 1932).pdf/52

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

2. ПЕРАД ВЯНКОМ МАІХ ТРЫВОГ

Ня ўсё мы ў кроках далі сьцелем,
І кожны з нас хоць што зьбярог…
Ноч узьняла свой чорны вэлюм
Перад вянком маіх трывог.

Мяркую я хваробу выкрыць,
Каб перад тлом ня падаць ніц.
Я сам сабе раблюся прыкрым
З крутым трамплінам таямніц.

Ў празрыстай далі цені нікнуць
І чад растоптанай тугі.
Але ня раз яшчэ мо‘ крыкнуць
Шалёных рэчак берагі.

Трагедыю мужыцкай лаве
Напіша дзікая аблонь…
Ўзірацца модна і цікавей
На мармуровую далонь.

Мацней за ўсё каменны статуй…
Ва ўзрыгах бур ідуць гады.
Я доўга ў памяці нёс хату
З зялёнай цьвільлю лебяды.