Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПАСТАЯЛЫ ДВОР


На вялікай Б…й дарозе, у аднолькавай амаль адлегласці ад двух павятовых гарадоў, праз якія яна праходзіць, яшчэ нядаўна стаяў абшырны пастаялы двор, вельмі добра вядомы троечным рамізнікам, абозным мужыкам, купецкім прыказчыкам, мяшчанам-гандлярам і наогул усім шматлікім і рознастайным праезджым, якія ва ўсякую пару года ездзяць па нашых дарогах. Бывала, усе заязджалі на той двор; хіба толькі якая-небудзь памешчыцкая карэта, запрэжаная шасцярыком домарошчаных коней, урачыста праплывала міма, што не перашкаджала, аднак; ні фурману, ні лакею на запятках з нейкім асаблівым пачуццём і ўважлівасцю паглядзець на вельмі ім знаёмы ганачак; або які-небудзь галяк у дрэнных калёсах і з трыма пятакамі ў кашальку за пазухай, параўняўшыся з багатым дваром, панукаў сваю прыстаўшую каняку, спяшаючыся нанач у выселкі, што знаходзіліся пад бальшаком, да мужычка-гаспадара, у якога, апрача сена і хлеба, не знойдзеш нічога, ды затое лішняй капейкі не заплоціш. Акрамя свайго выгаднага месцазнаходжання, пастаялы двор, аб якім мы пачалі гутарку, браў многім: выдатнай вадою ў двух глыбокіх студнях са скрыпучымі коламі і жалезнымі вёдрамі на ланцугах; прасторным дваром са скразнымі дашчатымі павецямі на тоўстых слупах; багатым запасам добрага аўса ў падвале; цёплай хатай з велізарнейшай рускай печчу, да якой накшталт багатырскіх плячэй прылягалі доўгія каміны, і, нарэшце, двума досыць чыстымі пакоямі, з чырвона-ліловымі, знізу крыху абарванымі паперкамі на сценах, драўлянай крашанай канапай, такімі-ж крэсламі і двума гаршкамі герані на вокнах, якія, між іншым, ніколі не выціраліся і цьмянелі ад шматгадовага пылу. Яшчэ і іншыя зручнасці меў гэты пастаялы двор: — кузня была ад яго блізка, амаль тут-жа знаходзіўся млын; нарэшце, і паесці ў ім можна было добра з ласкі тоўстай і румянай бабы-гаспадыні, якая варыла ежу