Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/162

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А! Вы! — сказала яна з жорсткай ўсмешкай. — Хадзіце-ж сюды.

Я падышоў да яе: яна паклала мне руку на галаву і, раптам ухапіўшы мяне за валасы, пачала круціць іх.

— Баліць, — сказаў я нарэшце.

— А! баліць! а мне не баліць? не баліць? — паўтарыла яна.

— Ай! — крыкнула яна раптам, убачыўшы, што вырвала ў мяне маленькую пасму валасоў. — Што гэта я зрабіла? Бедны мс’е Вальдэмар.

Яна асцярожна расправіла вырваныя валасы, абкруціла іх вакол пальца і скруціла ў кальцо.

— Я вашы валасы пакладу сабе ў медальён — і насіць іх буду, — сказала яна, а ў самой на вачах усё блішчэлі слёзы. — Гэта вас, магчыма ўцешыць крыху… а цяпер бывайце.

Я вярнуўся дадому і застаў там непрыемнасць. У матулі адбывалася непрыемная размова з бацькам: яна ў нечым дакарала яго, а ён, па свайму звычаю холадна і далікатна маўчаў — і неўзабаве паехаў. Я не мог чуць, аб чым гаварыла маці, ды мне было і не да гэтага; памятаю толькі, што, пасля размовы, яна загадала паклікаць мяне да сябе ў кабінет і з вялікім нездавальненнем адазвалася аб маіх частых наведваннях у княгіні, якая, па яе словах, была une femme capable de tout. Я падышоў да яе рукі (гэта я рабіў заўсёды, калі хацеў спыніць размову) і пайшоў да сябе. Слёзы Зінаіды збілі мяне зусім з панталыку; я зусім не ведаў, на якой думцы спыніцца, і сам гатоў быў плакаць: я ўсё-такі быў дзіцем, не гледзячы на мае шаснаццаць год. Ужо я не думаў больш аб Малеўскім, хоць Белаўзораў з кожным днём станавіўся ўсё больш і больш грозным і глядзеў на выкрутлівага графа як воўк на барана, ды я ні аб чым і ні аб кім не думаў. Я губляўся ў меркаваннях і ўсё шукаў адасобленых месц. Асабліва палюбіў я руіны аранжарэі. Узлезу бывала, на высокую сцяну, сяду, і сяджу там такім няшчасным, адзінокім і сумным юнаком, што мне самому становіцца сябе шкада — і такімі мне былі радаснымі гэтыя гаротныя адчуванні, так упіваўся я імі!..

Вось, аднойчы, сяджу я на сцяне, гляджу ў далячынь і слухаю гул званоў… раптам штосьці прабегла па мне — ветрык не ветрык і не дрыготка, а нібы подых, нібы адчуванне нейчай блізкасці… Я апусціў вочы. Унізе — па дарозе — у лёгкай шэранькай сукенцы, з ружовым парасонікам на плячы, таропка ішла Зінаіда. Яна ўбачыла мяне, спынілася і, адкінуўшы край