Перайсці да зместу

Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/148

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

монная, амаль шалёная весялосць, гэтыя небывалыя зносіны з незнаёмымі людзьмі так і кінуліся ў галаву. Я проста ап’янеў, як ад гарэлкі. Я пачаў рагатаць і балбатаць мацней за іншых — так што нават старая княгіня, якая сядзела ў суседнім пакоі з нейкім прыказным ад Іверскіх варот, пакліканым для нарады, вышла паглядзець на мяне. Але я адчуваў сябе да такой ступені шчаслівым, што, як кажуць, у вус не дзьмуў — і ў грош не ставіў нічыіх насмешак і нічыіх косых позіркаў. Зінаіда прадаўжала аддаваць мне перавагу і не адпускала мяне ад сябе. — У адным штрафе мне давялося сядзець з ёй побач, накрыўшыся адной шоўкавай хусткай: я павінен быў сказаць ёй свой сакрэт. Памятаю я, як нашы абедзве галовы раптам апынуліся ў душнай, поўпразрыстай, пахучай імгле, як у гэтай імгле блізка і мякка свяціліся яе вочы і горача дыхалі раскрытыя губы, і зубы былі відаць, і канцы яе валасоў, мяне ласкаталі і пяклі. Я маўчаў; — яна ўсміхалася таямніча і хітра і нарэшце — шапнула мне: ну што-ж? а я толькі чырванеў і смяяўся і адварочваўся і ледзь пераводзіў дух. Фанты надаелі нам, — мы пачалі гуляць у вяровачку. Божа мой! якое я адчуваў захапленне, калі, зазяваўшыся, атрымаў ад яе моцны і рэзкі ўдар па пальцах — і як пасля я знарок стараўся паказваць, што зяваю, а яна дражніла мяне і не чапала падстаўляемых рук!

Ды ці гэта мы яшчэ рабілі на працягу гэтага вечара! Мы і на фартэпіяна гралі і спявалі і танцавалі і прадстаўлялі цыганскі табар — Нірмацкага адзелі мядзведзем і напаілі вадою з соллю. Граф Малеўскі паказваў нам розныя картачныя фокусы і скончыў тым, што, ператасаваўшы карты, здаў сабе ў віст усе козыры, з чым Лушын «меў гонар яго павіншаваць». Майданаў дэкламаваў нам урыўкі са сваёй паэмы «Забойца» (справа адбывалася ў самым разгары рамантызма), якую ён наважваўся выдаць у чорнай вокладцы з загалоўнымі літарамі крывавага колеру; — у прыказнога ад Іверскіх варот укралі з калень шапку — і прымусілі яго, у выглядзе выкупу, пратанцаваць казачка; — старога Ваніфація прыбралі ў чапец, — а княжна надзела мужчынскі капялюш… Усяго не пералічыш. Адзін Белаўзораў усё больш трымаўся ў кутку, нахмураны і злосны… Іншы раз вочы яго наліваліся крывёю, ён увесь чырванеў, і здавалася, што вось-вось ён зараз рынецца на ўсіх нас і параскідае нас, як трэскі, ва ўсе бакі; але княжна паглядвала на яго, гразіла яму пальцам, і ён зноў забіваўся ў свой куток.