Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/133

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Мае першае каханне належыць, сапраўды, да ліку не зусім звычайных, — адказаў, з невялікай замінкай, Владзімір Пятровіч, чалавек гадоў сарака, чорнавалосы, з сівізнай.

— А! — прагаварылі гаспадар і Сяргей Нікалаевіч у адзін голас. — Тым лепш… — Расказвайце.

— Калі ласка… хаця не: расказваць я не буду: я не майстар расказваць; атрымліваецца суха і коратка, або падрабязна і фальшыва. А калі дазволіце, я запішу ўсё, што ўспомню, у сшытак, і прачытаю вам.

Прыяцелі перш не згадзіліся, але Владзімір Пятровіч настаяў на сваім. Праз два тыдні яны зноў сабраліся, і Владзімір Пятровіч выканаў сваё абяцанне.

Вось што было ў яго сшытку.

I

Мне было тады шаснаццаць год. — Справа адбывалася летам 1833-га года.

Я жыў у Маскве, у сваіх бацькоў. Яны наймалі дачу каля Калускай заставы, насупраць Няскучнага. — Я рыхтаваўся ва універсітэт — але працаваў вельмі мала і неспяшаючыся.

Ніхто не сцясняў маёй свабоды. Я рабіў, што хацеў, — асабліва з таго часу, як я расстаўся з апошнім сваім гувернёрам- французам, які ніяк не мог прывыкнуць да думкі, што ён зваліўся «як бомба» comme une bombe у Расію — і з раззлаваным выразам на твары цэлымі днямі валяўся на пасцелі. Бацька абыходзіўся са мною абыякава-ласкава; маці амаль не звяртала на мяне ўвагі, хоць у яе, апрача мяне, не было дзяцей; іншыя клопаты яе паглыналі. Мой бацька, чалавек яшчэ малады і надта прыгожы, узяў яе замуж з разлікам; яна была старэй за яго на дзесяць год. — У матулі маёй было сумнае жыццё: заўсёды хвалявалася, рэўнавала, злавала — але не ў прысутнасці бацькі; яна вельмі яго баялася, а ён трымаў, сябе строга, холадна, аддалена… Я не бачыў чалавека больш спакойнага, самаўпэўненага і самаўладнага.

Я ніколі не забудуся першых тыдняў, праведзеных мною на дачы. — Надвор’е было цудоўнае; мы пераехалі з горада 9-га мая, на Міколу. Я гуляў — то ў садзе нашай дачы, то па Няскучнаму, то за заставай; браў з сабою якую-небудзь кнігу, курс Кайданава, напрыклад, але рэдка яе раскрываў; а больш уголас чытаў вершы, якіх ведаў вельмі многа напамяць; кроў бушавала ў мне — і сэрца ныла, так соладка і смешна; я ўсё чакаў, палохаўся чагосьці, і з усяго дзівіўся,