Перайсці да зместу

Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/132

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПЕРШАЕ КАХАННЕ

(Прысвечана П. В. АННЕНКАВУ)

…Госці даўно раз’ехаліся. Гадзіннік прабіў палову першай. У пакоі засталіся толькі гаспадар, ды Сяргей Нікалаевіч, ды Владзімір Пятровіч.

Гаспадар пазваніў і загадаў прыбраць рэшткі вячэры.

— Такім чынам, гэта справа вырашана, — сказаў ён, глыбей садзячыся ў крэсла і закурыўшы сігару: — кожны з нас абавязан расказаць гісторыю свайго першага кахання. Ваша чарга, Сяргей Нікалаевіч.

Сяргей Нікалаевіч, кругленькі чалавек з пухленькім белакурым тварам, паглядзеў перш на гаспадара, затым узняў вочы да столі. — У мяне не было першага кахання, — сказаў ён нарэшце: — я проста пачаў з другога.

— Якім-жа гэта чынам?

— Вельмі проста. — Мне было, восемнаццаць год, калі я ўпершыню пачаў цягацца за адной вельмі міленькай паненкай: але я гуляў з ёю так, як быццам справа гэта была для мяне не новай — вось так — як я гуляў пасля з іншымі. — Уласна кажучы, у першы — і апошні раз я закахаўся, гадоў шасці, у сваю няню; але гэта надта даўно — падрабязнасці нашых адносін згладзіліся з маёй памяці, ды калі-б я іх і памятаў, каго гэта можа цікавіць?

— Дык што-ж рабіць? — пачаў гаспадар. — У маім першым каханні таксама мала цікавага: я нікога не кахаў да знаёмства з Аннай Іванаўнай, маёй цяперашняй жонкай — і ўсё ў нас ішло як па маслу: бацькі нас сасваталі, мы вельмі хутка пакахалі адзін другога — і пажаніліся, не марудзячы. Мая казка двума словамі апавядаецца. — Я, панове, прызнаюся, уздымаючы пытанне пра першае каханне — спадзяваўся на вас, не скажу старых — але і не маладых халасцякоў; хіба вы нас чым-небудзь пацешыце, Владзімір Пятровіч?