Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

можна — хоць жывапісец намаляваў яе празмерна дзябёлай і румянай — і вочы ёй напісаў замест шэрых, чорныя і нават некалькі касыя… Акім яму зусім не ўдаўся: ён атрымаўся ў яго неяк вельмі цёмна — a la Rembrandt — так што іншы праезджы падыйдзе, бывала, паглядзіць і толькі памармыча крыху. Апранацца Аўдоцця стала досыць неахайна; накіне вялікую хустку на плечы, плацце пад ёй як-небудзь сядзіць: гультайства на яе напала, тое ўздыхаючае, вялае, санлівае гультайства, да якога вельмі схільны рускі чалавек, асабліва, калі існаванне яго забяспечана…

Пры ўсім тым, справы Акіма і жонкі яго ішлі вельмі добра, яны жылі нядрэнна і выслаўляліся за прыкладную пару. Але, як вавёрка, якая чысціць сабе нос у той самы момант, калі стралок у яе цэліцца, чалавек не прадчувае свайго няшчасця — і раптам спатыкаецца, як на ільду…

У адзін асенні вечар на пастаялым дварэ ў Акіма спыніўся купец с красным таварам. Рознымі навакольнымі дарогамі прабіраўся ён з двума нагружанымі кібіткамі з Масквы ў Харкаў; гэта быў адзін з тых разносчыкаў, якіх памешчыкі і асабліва памешчыцкія жонкі і дочкі чакаюць іншы раз з такой вялікай нецярплівасцю. З гэтым разносчыкам, чалавекам пажылым, ехала двое таварышоў або, правільней кажучы, двое работнікаў — адзін бледны, худы і гарбаты, другі малады, статны, прыгожы хлапчына гадоў дваццаці. Яны папрасілі сабе павячэраць, пасля селі піць чай; разносчык папрасіў гаспадароў прысесці з імі да стала — гаспадары не адмовіліся. Паміж двума старымі (Акіму стукнула пяцьдзесят шэсць гадоў) хутка завязалася размова; разносчык распытваў пра суседніх памешчыкаў — а ніхто лепш за Акіма не мог паведаміць яму ўсе патрэбныя звесткі наконт іх; гарбаты работнік бесперапынна хадзіў глядзець воз і нарэшце пайшоў спаць; Аўдоцці давялося гутарыць з другім работнікам… Яна сядзела каля яго і гаварыла мала, больш слухала, што ён расказваў; але, як відаць, гаворка яго ёй спадабалася; яе твар ажывіўся, румянец заіграў на шчоках, і смяялася яна досыць часта і ахвотна. Малады работнік сядзеў, амаль нерухома і нахіліўшы да стала сваю кучаравую галаву; гаварыў ціха, не ўзвышаючы голасу і не спяшаючыся; затое вочы яго, невялікія, але дзёрзкасветлыя і блакітныя, так і ўпіліся ў Аўдоццю; яна перш адварачвалася ад іх, пасля сама стала глядзець яму ў твар. Твар гэтага маладога хлапца быў свежы і гладкі, як крымскі яблык; ён