Старонка:Востраў скарбаў.pdf/82

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ

МАЕ ПРЫГОДЫ НА СУШЫ

Раздзел XIII

ЯК ПАЧАЛІСЯ МАЕ ПРЫГОДЫ НА СУШЫ

Калі раніцай я вышаў на палубу, востраў паказаўся зусім іншым, чым учора. Хоць вецер сціх, мы ўсё-такі значна пасунуліся за ноч наперад і цяпер стаялі за поўмілі ад нізкага ўсходняга берага. Большую частку вострава пакрывалі цёмныя лясы. Аднастайны шэры каларыт перарываўся сям-там у лагчынах жоўтымі палосамі пясчанага берага і зялёнымі верхавінамі нейкіх высокіх дрэў, якія больш падобны да соснаў. Гэтыя дрэвы раслі то паасобку, то купінамі і ўзнімаліся над узроўнем лесу, але агульны выгляд вострава быў усё-ж вельмі аднастайны і хмуры. На вяршыне кожнага ўзгорка тырчэлі вострыя голыя скалы. Гэтыя ўзгоркі здзіўлялі мяне дзіўнымі формамі сваіх абрысаў. Падзорная Труба была на трыста або чатырыста футаў вышэй астатніх і таксама нейкая дзіўная: стромкія спады і зрэзаная плоская вяршына, як п'едэстал для статуі.

Акіян так моцна калыхаў „Іспан'ёлу“, што вада дасягала самой палубы. Руль хлопаўся аб карму, то справа, то злева, і ўвесь карабль скакаў, стагнаў і трашчаў, як цацачны. Я ўхапіўся рукою за багштаг і адчуў, што мне робіцца млосна. Усё закружылася ў мяне перад вачыма. Я ўжо паспеў прызвычаіцца да мора, калі карабль бег па