Старонка:Востраў скарбаў.pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

у агульны пакой. У прысутнасці падобных людзей ён быў маўклівы, як мыш.

Я ведаў, у чым тут справа, таму што капітан расказаў мне, каго ён баіцца. Аднойчы ён адвёў мяне ўбок і абяцаў плаціць мне ў першы дзень кожнага месяца па чатыры сярэбраныя пенсы, калі буду я „вельмі пільна сачыць, ці не з'явіцца дзе марак на адной назе“, і паведамлю яму зараз-жа, як толькі ўбачу гэткага. Калі надыходзіла першае я прасіў у яго абяцаную пенсію, ён толькі трубіў носам і люта глядзеў на мяне. Але праз некалькі дзён усё-ткі прыносіў мне манетку і паўтараў загад не прапусціць „марака на адной назе“.

Гэты аднаногі марак праследаваў мяне нават у сне. Бурнымі начамі, калі вецер страсаў усе чатыры куты нашага дома, а прыбой равеў у бухце, дасягаючы да верхніх скалаў, ён сніўся мне ў самых рознастайных выглядах, страшэнны, як тысяча чарцей. Нага была адрэзана ў яго то да калена, то да самага бядра. Часамі ён здаваўся мне нейкім жудасным страшыдлам, у якога адна-адзіная нага расце ад самай сярэдзіны яго цела. На гэтай адной назе ён ганяўся за мной, пераскакваючы праз платы і канавы. Нямала каштавалі мне мае чатыры пенсы кожны месяц: я расплачваўся за іх гэтымі страшнымі снамі.

Але, як ні страшны быў для мяне аднаногі марак, самаго капітана я баяўся значна менш, чымся ўсе іншыя людзі. У іншыя вечары ён выпіваў столькі рому, што галава ў яго ішла ходырам, і тады ён доўга аставаўся ў карчме і распяваў свае старадаўнія, дзікія, жорсткія песні, не звяртаючы ўвагі ні на каго з прысутных. А здаралася і так, што ён запрашаў усіх да свайго стала і патрабаваў шклянкі. Запрошаныя дрыжэлі ад спалоху, а ён прымушаў іх або слухаць яго расказы аб марскіх прыгодах, або падпяваць яму хорам. Сцены нашага дома страсаліся тады ад „йо-хо-хо, і бутэлька рому“, таму што ўсе наведвальнікі баючыся яго шалёнага гневу, стараліся перакрычаць адзін другога і спяваць, як мага грамчэй, абы толькі капітан астаўся імі задаволены, таму што ў такі час ён быў ня стрымна грозны: то стукаў кулаком па стале, патрабуючы