Старонка:Востраў скарбаў.pdf/55

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Нарэшце, вярнуліся тыя двое, якіх ён паслаў наўздагон за Чорным Псом. Цяжка дыхаючы, яны паведамілі, што Чорнаму Псу ўдалося схавацца ад іх у натоўпе. І карчмар пачаў лаяць іх з такой ярасцю, што я канчаткова ўпэўніўся што Доўгі Джон зусім не вінаваты.

— Слухай, Гоўкінс, — сказаў ён, — для мяне гэтая гісторыя можа скончыцца кепска. Што падумае аба мне капітан Трэлоўні? Гэты пракляты бандыт сядзеў у маім доме і глытаў маю выпіўку! Пасля прыходзіш ты і кажаш мне, што ён з разбойніцкай шайкі. І ўсё-ж я даю яму ўцячы ад цябе. Ну, Гоўкінс, падтрымай мяне перад капітанам Трэлоўні. Ты малады, але не дурны. Цябе не ашукаеш. Так, так, так! Я гэта адразу заўважыў. Растлумач-жа капітану, што я на сваёй дзеравяжцы ніяк не мог дагнаць гэтага чортава пса. Калі-б я быў першакласны марак, як у стары час, ён-бы ад мяне не ўцёк, але цяпер…

Ён раптам змоўк і шырока разявіў рот, быццам нешта ўспомніў.

— А грошы? — крыкнуў ён. — За тры кружкі! Вось чорт пра грошы-та я і забыў!

Рынуўшыся на лаўку, ён зарагатаў і рагатаў да той пары, пакуль слёзы не пацяклі ў яго па шчаках. Рогат яго быў так заразлівы, што я не ўтрымаўся і пачаў рагатаць разам з ім, пакуль уся таверна не задрыжэла ад хохату.

— Я хоць і стары, а якога разыграў з сябе марскога цяля! — сказаў ён, нарэшце, выціраючы вочы. — Я бачу, Гоўкінс, мы з табой будзем добрая пара. Сапраўды, я і зараз яшчэ юнга ў душы. Аднак, трэба ісці: справа ёсць справа, дарагія таварышы! Я надзену трохкутку і пайду разам з табой да капітана Трэлоўні далажыць яму пра ўсё, што здарылася. А справа такі сур'ёзная, Гоўкінс. І, трэба прызнацца, ні мне, ні табе не робіць гонару. Не, не! Ні мне, ні табе: абодвух нас абдурылі здорава. Аднак, чорт яго вазьмі, як ашукаў ён мяне з гэтымі грашыма!

Ён зноў зарагатаў ды з такім запалам, што я, хоць не бачыў тут нічога смешнага, прымушаны быў зноў далучыцца да яго.