Старонка:Востраў скарбаў.pdf/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Тым часам начальнік мытніцы Дэнс паскакаў са сваім атрадам у Логава Кіта. Але паколькі стражнікі асцерагаліся засады, яны спусціліся да берага, спяшыліся і павялі коней на поваду. І, натуральна, да таго часу, пакуль яны дабраліся, нарэшце, да бухты, карабль ужо паспеў падняць якар, хоць і знаходзіўся недалёка ад берага. Дэнс аклікнуў яго. У адказ пачуўся голас, які раіў яму не выходзіць на асветленае месяцам месца, калі ён не хоча атрымаць у сваё тулава добрую порцыю волава. І зараз-жа каля яго пляча прасвісцела куля.

Неўзабаве карабль падвоіў ход і знік. Містэр Дэнс, паводле яго ўласных слоў, стаяў на беразе, быццам, „рыба, выкінутая з вады“. Ён адразу паслаў чалавека ў Б…, каб выслалі ў мора катэр.

— Але ўсё гэта дарэмна, — сказаў ён. — Яны ўцяклі і іх не дагоніш. Я рады і таму, што наступіў пану П'ю на мазоль.

Я вярнуўся разам з ім у „Адмірал Бенбоў“. Цяжка пераказаць, якое там было разбурэнне. Бандыты, шукаючы мяне і маці, сарвалі са сцяны нават гадзіннік. І, хоць яны нічога не панеслі з сабой, апрача торбачкі з грашыма, што належалі капітану, і некалькіх сярэбраных манет з нашай касы, я адразу зразумеў, што мы зруйнаваны.

Містэр Дэнс доўга нічога не мог зразумець.

— Ты кажаш, што яны ўзялі грошы? Растлумач мне, Гоўкінс, што-ж ім яшчэ было патрэбна? Яны яшчэ якіх-небудзь грошай шукалі?

— Не, сэр, не грошай, — адказаў я. — Тое, што яны шукалі, ляжыць у мяне тут, у бакавой кішэні. Кажучы праўду, я хацеў-бы пакласці гэтую рэч у больш бяспечнае месца.

— Правільна, хлопчык, правільна, — сказаў ён. — Дай яе мне, калі хочаш.

— Я думаў даць яе доктару Лівсі… — пачаў я.

— Правільна! — палка перабіў ён мяне. — Правільна. Доктар Лівсі — джэнтльмен і суддзя. Бадай, што і мне самому варта-бы з'ездзіць да яго ці да сквайра і паведаміць аб здарэнні. Дык як ні як, а здарылася забойства. Я ніколькі не шкадую аб гэтым, але могуць знайсціся людзі, якія абвінавацяць мяне, начальніка каралеўскай мытніцы. Ведаеш