Старонка:Востраў скарбаў.pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

што, Гоўкінс: паедзем са мной. Я вазьму цябе з сабой, калі хочаш.

Я падзякаваў яго, і мы пайшлі ў пасёлак, дзе стаялі коні. Пакуль я развітваўся з маткай, усе ўжо селі ў сёдлы.

— Догер, — сказаў містэр Дэнс, — у цябе добры конь. Пасадзі гэтага малайца да сябе за плечы.

Як толькі я ўсеўся ззаду Догера і ўзяўся за яго пояс, начальнік мытніцы загадаў рушыцца ў дарогу, і атрад трушком паскакаў па дарозе да дома доктара Лівсі.

Раздзел VI

КАПІТАНАВЫ ПАПЕРЫ

Мы імчаліся наўскачкі і, нарэшце, спыніліся перад дзвярыма доктара Лівсі. Увесь фасад быў ахутаны цемрай.

Містэр Дэнс загадаў мне саскочыць з каня і пастукаць. Догер падставіў стрэмя, каб мне было зручней зыйсці. На стук вышла служанка.

— Доктар Лівсі дома? — спытаў я.

— Не, — адказала яна. — Ён вярнуўся пасля полудня дадому, а зараз пайшоў у сядзібу паабедаць і правесці вечар са сквайрам.

— У такім разе мы едзем туды, — сказаў містэр Дэнс.

Да сядзібы было недалёка. Я нават не садзіўся ў сядло, а пабег побач з канём, трымаючыся за Догерава стрэмя.

Мільганула брама парка. Доўгая, бязлістая, асветленая месяцам прысада вяла да бялеўшага воддаль панскага дома, акружанага прасторным старым садам. Містэр Дэнс саскочыў з каня і павёў мяне ў дом. Нас зараз-жа ўпусцілі туды.

Па доўгаму карыдору, падлога якога была заслана дываном, слуга павёў нас у габінет гаспадара. Сцены габінета былі застаўлены кніжнымі шафамі. На кожнай шафе стаяў бюст. Сквайр і доктар Лівсі сядзелі каля яркага агню і курылі.

Я ніколі не бачыў сквайра так блізка. Гэта быў высокі мужчына, больш шасці футаў ростам, дародны, з тоўстым суровым тварам, агрубеўшым і засівералым у часе доўгіх