Старонка:Востраў скарбаў.pdf/166

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЧАСТКА ШОСТАЯ

КАПІТАН СІЛЬВЕР

Раздзел XXVIII

У ЛАГЕРЫ ВОРАГАЎ

Барвянае святло галавешкі асвятліла нутро дома і пацвердзіла самае горшае, што я толькі мог чакаць. Піраты авалодалі блокгаузам і ўсімі нашымі запасамі. І бочачка з кан'яком, і свініна, і мяшкі з сухарамі знаходзіліся на ранейшых месцах. На мой вялікі жах, я не заўважыў ні аднаго палонніка. Відаць, усе сябры мае загінулі. Сэрца маё сціснулася ад гора. Чаму я не загінуў разам з імі?!

Толькі шасцёра піратаў асталіся жывымі, і яны ўсе былі тут, перада мною. Пяцёра, з чырвонымі, апухшымі тварамі прабудзіўшыся ад п'янага сна, хутка ўскочылі на ногі. Шосты толькі прыпадняўся на локці. Ён быў змярцвела бледны. Галава яго была перавязана акрываўленай анучай. Значыцца ён ранены, і ранены нядаўна. Я ўспомніў, што ў часе атакі мы падстрэлілі аднаго з піратаў, які потым знік у лесе. Відаць, гэта ён і быў.

Папугай сядзеў на плячы ў Доўгага Джона і чысціў дзюбай пер'і. Сам Сільвер быў больш бледны і пануры, чым раней. Ён усё яшчэ быў прыбраны ў той кафтан, у якім ён прыходзіў да нас для перагавораў, але цяпер кафтан гэты быў запэцканы глінай і парваны калючкамі кустоў.

— Ага, — сказаў ён, — дык гэта Джым Гоўкінс, чорт мяне вазьмі! Прышоў у госці, а? Заходзь, заходзь, я заўсёды рад старому другу.