Старонка:Востраў скарбаў.pdf/164

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

самы дом знаходзіліся ў цемры, сям-там прарэзанай доўгімі срабрыстымі палосамі. А за домам палала вялікае вогнішча. Яго барвяныя водсветы ярка вылучаліся сярод пяшчотчых і бледных водсветаў месяца. Нідзе ні душы. Ні гука. Толькі брызы шумяць у галінах.

Я спыніўся здзіўлены і, мабыць, крыху спалоханы. Мы ніколі не раскладвалі вялікіх вогнішчаў. Па загаду капітана, мы заўсёды бераглі паліва. Я пачаў непакоіцца, ці не здарылася чаго-небудзь з маімі сябрамі, пакуль мяне небыло тут.

Я прабраўся да ўсходняга краю частакола, увесь час трымаючыся ў цяні, і пералез праз частакол у тым месцы, дзе цемра была найбольш густая.

Каб не ўзнімаць трывогі, я бясшумна папоўз да кута дома. І раптам уздыхнуў з палёгкай. Я цярпець не магу храпа; мне вельмі дакучаюць людзі, якія храпуць у сне. Але на гэты раз гучны і мірны храп маіх сяброў здаўся мне музыкай. Ён супакоіў мяне, як супакойвае на моры чароўны начны крык вахтавога: „Усё ў парадку!“

Адно мне было ясна: яны спяць без усякай аховы. Калі-б замест мяне да іх падкрадваўся Сільвер са сваёй шайкай, ні адзін з іх не ўбачыў-бы досвіткаў. Відаць, думаў я, усё гэта таму, што капітан ранены. Зноў я дакараў сябе за тое, што пакінуў сяброў у такой небяспецы, калі ім няма каго нават паставіць на варце.

Я падышоў да дзвярэй і зірнуў унутро. Там было так цёмна, што я нічога не мог разгледзець. Акрамя храпа, чуўся яшчэ нейкі дзіўны гук, ці то хлопанне крылляў, ці то пастукванне. Выцягнуўшы наперад рукі, я ўвайшоў у дом. „Я лягу на сваё звычайнае месца, — падумаў я, усміхнуўшыся, — а раніцой пацешуся, гледзячы на іх здзіўленыя твары“.

Я спатыкнуўся аб нейчую нагу. Спаўшы перавярнуўся на другі бок, прастагнаў, але не прачнуўся.

І тады ў цемры раздаўся раптам рэзкі крык: „Піястры! Піястры! Піястры! Піястры! Піястры!“ І так далей, без перадышкі, без усякай змены ў голасе, як заведзены гадзіннік.