Старонка:Востраў скарбаў.pdf/137

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Я спусціўся ў лагчыну, прыпадняў край шатра і знайшоў там лодку Бена Гана. З усіх самадзельных лодак гэта была, так сказаць, найбольш самадзельная. Бен збіў з моцнага дрэва крывабокую раму, абшыў яе казлінымі скурамі шэрсцю ў сярэдзіну — вось і ўся лодка. Не ведаю, як вытрымлівала яна дарослага чалавека: нават я ледзь змяшчаўся ў ёй. Унутры я знайшоў вельмі нізкую лавачку, падпорку для ног і вясло з двума лопасцямі.

Ніколі раней я не бачыў пляцёных рыбацкіх чоўнаў, на якіх плавалі старажытнія брытанцы. Але пазней мне давялося пазнаёміцца з імі. Каб вы ясней уявілі сабе лодку Бена Гана, скажу, што яна была падобна на самае першае і найбольш няўдалае з гэтых першабытных чоўнаў. І ўсё-ж яна мела галоўныя якасці старажытнага чоўна: была лёгкая, і яе свабодна можна было пераносіць з месца на месца.

Цяпер мне трэба было вярнуцца ў блокгауз. Але тым часам у маёй галаве з'явіўся новы план, і я быў так упарта захоплен ім, што ніякаму капітану Смолету не ўдалося-б прымусіць мяне адмовіцца ад яго. Я надумаў, карыстаючыся начной цемрай, падплыць да „Іспан'ёлы“ і перарэзаць якарны канат. Няхай цячэнне выкіне яе на бераг, дзе- небудзь. Я быў пераконаны, што разбойнікі, атрымаўшыя такі адпор сёння раніцой, рыхтуюцца ўзняць якар і выйсці ў мора. Гэтаму трэба перашкодзіць, пакуль не позна. На караблі ў распараджэнні вахценных не асталося ні адной шлюпкі, і, такім чынам, гэтую выдумку можна выканаць без асаблівай рызыкі.

Чакаючы, калі зусім сцямнее, я сеў на пясок, і пачаў грызці сухары. Цяжка ўявіць сабе ноч, больш удалую для задуманага мною мерапрыемства. Усё неба зацягнула густым туманам. Калі згаслі апошнія дзённыя праменні, абсалютная цемра ахутала Востраў скарбаў. І калі, нарэшце, я, ускінуўшы на плечы човен, вышаў з лагчыны і, спатыкаючыся, пайшоў да вады, сярод поўнай цемры свяцілася толькі два агеньчыкі: у першым агеньчыку я пазнаў вялікае вогнішча на беразе, на балоце, каля якога п'янствавалі піраты; другі агеньчык быў, па сутнасці, заслонены ад мяне: гэта свяцілася кармавое акно карабля, паверненага