Старонка:Востраў скарбаў.pdf/130

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Я схапіў з пагону корцік. Нехта другі, таксама хапаючы корцік, рэзануў ім мяне па суставах пальцаў, але я нават не адчуў болі. Я рынуўся ў дзверы, на сонечнае святло. Нехта выскачыў за мной услед, не ведаю хто. Проста перада мной доктар гнаў уніз па схілу ўзгорка нападаўшага на яго пірата. Я ўбачыў, як адным ударам ён выбіў у яго з рук зброю, потым рэзануў корцікам па твару.

— Вакол дома! Вакол дома! — закрычаў капітан.

І, не гледзячы на агульнае замяшанне і шум, я прыкмеціў перамену ў яго голасе.

Машынальна падначальваючыся камандзе, я павярнуў на ўсход і з узнятым корцікам абагнуў кут дома і адразу сустрэўся твар у твар з Эндэрсонам. Ён закрычаў дзікім голасам, і яго паляўнічы нож узняўся над маёй галавой, бліснуўшы на сонцы. Я не паспеў нават струсіць. Ухіляючыся ад удару, я спатыкнуўся ў мяккім пяску і пакаціўся ўніз галавой па адкосу.

Калі я ў часе атакі выскачыў за дзверы, другія піраты ўжо лезлі праз частакол, каб пакончыць з намі. Адзін з іх, у чырвоным начным каўпачку, трымаючы корцік у зубах, ужо закінуў нагу, рыхтуючыся саскочыць. Я зваліўся з узгорка так хутка, што, калі я ўзняўся на ногі, усё аставалася ў такім-жа становішчы: пірат у чырвоным каўпачку сядзеў у той-жа позе, а галава другога толькі высунулася з-за частакола. І ўсё-ж за гэтыя некалькі хвілін бойка скончылася, і перамога асталася за намі.

Грэй, выскачыўшы з-за дзвярэй услед за мной, забіў на месцы рослага боцмана, раней чым той паспеў другі раз замахнуцца нажом. Другі пірат быў застрэлены каля байніцы ў тую хвіліну, калі ён намерыўся выстраліць унутр дома. Ён корчыўся на пяску ў прадсмяротнай агоніі, не выпускаючы з рук пісталета, які яшчэ дыміўся. Трэцяга, як я ўжо сказаў, закалоў доктар. З чатырох піратаў, што пералезлі праз частакол, астаўся жывым толькі адзін. Кінуўшы свой корцік на полі бойкі, ён, ахоплены смяротным жахам, карабкаўся на частакол, каб уцячы, і ўвесь час зрываўся.