Старонка:Востраў скарбаў.pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

гэта не мае да мяне дачынення. І, акрамя таго, цяжка было зрабіць якія-небудзь захады пры такіх абставінах. Незнаёмы ўважліва сачыў за дзвярыма, прытоіўшыся каля ўвахода, нібы кот, падсочваючы мыш. Я хацеў было выйсці на двор, але ён зараз-жа аклікнуў мяне. Я не адразу паслухаў яго, і ягоны сальны твар раптам сказіўся такім гневам, ён выбухнуў такой лаянкай, што я ў спалоху адскочыў назад. Але як толькі я вярнуўся, ён пачаў размаўляць са мной па-ранейшаму, не то лісліва, не то насмешліва, пахлопаў мяне па плячы, сказаў, што я слаўны хлопчык і што я яму адразу спадабаўся.

— У мяне ёсць сынок, — сказаў ён, — і ты падобны да яго, як дзве кроплі вады. Ён — гордасць майго бацькаўскага сэрца. Але для хлопчыкаў галоўнае — паслухмянасць. Так, сынок, паслухмянасць. Вось калі-б ты паплаваў з Білі, цябе не давялося-б аклікаць два разы. Білі ніколі не паўтараў загадаў. Не, у яго былі іншыя парадкі… А вось і ён, мілы штурман Білі, з падзорнай трубой падпахай, благаславі яго бог! Давай, схаваемся за дзвярыма, сынок, і наладзім Білі сюрпрыз, парадуем Білі, благаславі яго бог!

З гэтымі словамі ён загнаў мяне ў агульны пакой, у кут, і схаваў у сябе за плячыма. Мы абодва былі заслонены адчыненымі дзвярыма. Мне было і непрыемна і ледзь-ледзь страшнавата, асабліва калі я заўважыў, што незнаёмы трусіць і сам. Ён вызваліў рукаятку сваёй шаблі, ледзь-ледзь выцягнуў яе з ножнаў і ўвесь час рабіў такія рухі, як быццам ён глытаў нейкі кавалак, што захраснуў у яго ў горле.

Нарэшце, у пакой уваліўся капітан, ляснуў дзвярыма і, не гледзячы па баках, накіраваўся проста да стала, дзе яго чакала снеданне.

— Білі! — прамовіў незнаёмы, стараючыся надаць свайму голасу цвёрдасць і смеласць.

Капітан раптоўна аглянуўся і апынуўся проста перад намі. Загар як-бы знік з яго твара, нават нос яго зрабіўся сінім. У яго быў выгляд чалавека, які сустрэўся са зданню. І, прызнаюся вам, мне зрабілася шкада яго — такім ён адразу зрабіўся старым і друзлым.