Старонка:Востраў скарбаў.pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Хіба ты не пазнаеш мяне, Білі? Няўжо ты не пазнаеш свайго старога карабельнага таварыша, Білі? — сказаў незнаёмы.

Капітан адкрыў рот, быццам у яго нехапала подыху.

— Чорны Пёс! — прамовіў ён, нарэшце.

— Акурат ён, — адказаў незнаёмы, некалькі падбадзёрыўшыся. — Чорны Пёс прышоў наведаць свайго старога карабельнага прыяцеля, свайго мілага Білі, што жыве ў карчме „Адмірал Бенбоў“. Ах, Білі, Білі! Колькі часу прайшло ад той пары, як я страціў два сваіх кіпцюры! — усклікнуў ён, узняўшы сваю скалечаную руку.

— Ладна, — сказаў капітан. — Ты высачыў мяне, і я перад табой. Кажы, чаго прышоў?

— Пазнаю цябе, Білі, — адказаў Чорны Пёс. — Ты правы, Білі. Гэты слаўны хлапчына, які мне так спадабаўся, прынясе мне шкляначку рому. Мы пасядзім з табой, калі хочаш, і пагутарым без хітрыкаў, проста, як старыя прыяцелі. Хіба не так?

Калі я вярнуўся з бутэлькай, яны ўжо сядзелі за сталом.

Чорны Пёс сядзеў бліжэй да дзвярэй, на самым канцы лаўкі, і адным вокам пазіраў на свайго старога прыяцеля, а другім — на дзверы, каб той не мог уцячы.

Ён загадаў мне выйсці і пакінуць дзверы адчыненымі насцеж.

— Каб ты, сынок, не паглядваў у дзірку ад ключа, — вытлумачыў ён.

Я пакінуў іх удвух і вярнуўся да стойкі.

Доўгі час, не гледзячы на ўсе старанні, я не чуў нічога, акрамя невыразнага гоману. Але паволі галасы рабіліся ўсё больш гучнымі, і, нарэшце, мне ўдалося злавіць некалькі слоў, галоўным чынам лаянку, якая выходзіла з капітанавых вуснаў.

Нарэшце, капітан закрычаў:

— Не, не, не, не! І досыць аб гэтым! Чуеш?

І пасля зноў:

— Калі справа дойдзе да шыбеніцы, дык хай на ёй баўтаюцца ўсе!