Старонка:Востраў скарбаў.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

і ўноч. Я не толькі доктар, я тутэйшы суддзя. І калі да мяне дойдзе хоць адна самая найменшая скарга, — хоць-бы толькі на тое, што вы нагрубілі каму-небудзь… вось як зараз, — я прыму рашучыя меры, каб вы былі адпаведна пакараны.

Неўзабаве доктару Лівсі падалі каня, і ён ад'ехаў. Але капітан увесь вечар быў ціхі і спакойны і астаўся такім ва ўсе наступныя вечары.

Раздзел II

ЧОРНЫ ПЁС З‘ЯЎЛЯЕЦЦА І ЗНІКАЕ

Неўзабаве адбылося першае з тых загадкавых здарэнняў, дзякуючы якім мы пазбавіліся, нарэшце, ад капітана. Але, пазбавіўшыся ад яго самаго, мы не пазбавіліся, як вы самі ўбачыце, ад яго спадчыны.

Стаяла сцюдзёная зіма з доўгімі траскучымі марозамі ды бурнымі вятрамі. Ужо спачатку было ясна, што мой бедны бацька наўрад ці ўбачыць вясну. З кожным днём яму рабілася горш. Гаспадарыць у карчме давялося мне і маёй маці. У нас было спраў не абабраць, і мы аддавалі вельмі мала ўвагі нашаму непрыемнаму пастаяльцу.

Пачыналася студзеньская марозная раніца. Бухта была ўся сівая ад намаразі. Дробныя хвалі ласкава лізалі ўзбярэжныя каменні. Сонца яшчэ не паспела ўзняцца і толькі кранула сваімі праменнямі верхавіны ўзгоркаў і марскую далячынь. Капітан прачнуўся раней звычайнага і накіраваўся да мора. Пад шырокімі поламі яго падранага сіняга кафтана калыхалася тонкая шабля. Падпахай у яго была падзорная труба. Капялюш ён ссунуў на патыліцу. Я памятаю, што з рота ў яго выляталі клубкі пару і кружыліся ў паветры, як дым. Я чуў, як злосна ён чмыхаў, знікаючы за вялікай скалой — відаць, усё яшчэ не мог забыць аб сваёй сутычцы з доктарам Лівсі.

Маці была наверсе, у бацькі, а я накрываў стол для снедання да прыходу капітана. Раптам дзверы адчыніліся, і ў пакой увайшоў чалавек, якога раней я ніколі не бачыў.