Старонка:Востраў скарбаў.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

так прызвычаіліся да гэтай песні, што перасталі звяртаць на яе ўвагу. У гэты вечар яна была навіной толькі для доктара Лівсі, і, як я заўважыў, не выклікала ў яго прыемнага ўражання. Ён сярдзіта паглядзеў на капітана, перад тым як зноў пачаць гутарку са старым садоўнікам Тэйлорам аб новым спосабе лячэння рэўматызма. А між тым капітан, паволі разгарачыўшыся ад сваіх уласных спеваў, ударыў кулаком па стале. Гэта азначала, што ён патрабуе цішыні.

Усе галасы змоўклі ўраз; адзін толькі доктар Лівсі працягваў сваю добрадушную і гучную размову, пыхкаючы люлькай пасля кожнага слова. Капітан прарэзліва глянуў на яго, пасля зноў ударыў кулаком па стале, пасля глянуў яшчэ больш прарэзліва і раптам загарланіў, суправаджаючы свае словы непрыстойнай лаянкай:

— Эй, там, на палубе, маўчаць!

— Вы да мяне звяртаецеся, сэр? — спытаў доктар.

Той сказаў, што менавіта да яго, і пры гэтым вылаяўся зноў.

— У такім разе, сэр, я скажу вам адно, — адказаў доктар, — калі вы не пакінеце п'янстваваць, вы хутка пазбавіце свет ад аднаго з самых агідных нягоднікаў!

Капітан ашалеў ад злосці. Ён ускочыў на ногі, выхапіў і адкрыў свой матроскі складаны ножык і, гойдаючы яго на далоні, прыгразіў доктару, што прыгвоздзіць яго да сцяны.

Доктар нават не варухнуўся. Ён гаварыў з ім не абарочваючыся, праз плячо, тым-жа голасам. Магчыма, толькі крыху грамчэй, каб усе ў пакоі пачулі… Спакойна і цвёрда ён вымавіў:

— Калі вы зараз-жа не схаваеце гэты ножык у кішэню, я клянуся вам чэсцю, што вы будзеце баўтацца на шыбеніцы пасля першай сесіі нашага раз'язнога суда.

Між іх вачыма пачаўся паядынак. Але капітан хутка здаўся. Ён схаваў свой ножык і апусціўся на крэсла, бармочачы, як пабіты пёс.

— А цяпер, сэр, — казаў далей доктар, — паколькі мне стала вядома, што ў маёй акрузе знаходзіцца падобны суб'ект, я буду мець над вамі самы пільны нагляд удзень