Старонка:Вежа (1928).pdf/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

∗     ∗

Гулка цягнік грукоча па рэйках,
вёрсты мінае, ўзьбіваючы пыл.
Дальнія горы і дальнія рэкі!
Як вас да долі старой прышчапіць?..

Бачылі ўсё беларускія вочы —
крэмень Уральскі і гладзь Іртыша…
Сэрца-ж забыць пра радзіму ня хоча —
новым паветрам ня лёгка дышаць.


∗     ∗

Зялёныя хвалі калыша Байкал —
на кручы ўздымаюцца хвалі…
Ды скованы моцна абоймамі скал —
турмы ён сваёй не паваліць.

Калі ты спакойны, дык сьмела плыве
рыбацкі асмолены човен…
і сьмела трывожыць ён сховы твае,
твае серабрыстыя сховы!..

Ці ведаў хто рэчку чысьцей Ангары,
празрысьцей яе і сьцюдзёней?
Ці бачыў, як сонца над ёю гарыць
ў сьвітаньне праменьнем зялёным?