Старонка:Вежа (1928).pdf/55

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І працы будзе тут багата!..
Ня стане сіл, сасмагне кроў.
Беларусы збудуюць хаты
на цаліне другіх краёў…

Мо‘ там, на бацькаўшчыне цесна —
і шмат людзей, і шмат балот.
Мо‘ тут вальней сьлязам і песьням,
тут… за птушыны пералёт…

Там шмат людзей і казак болей.
Лясы, вазёры, паплавы.
Там межы на убогім полі
палын ды быльнік аплялі…

Дык вось яно, гаротных выйсьце,
каб песьням сьветлым празьвінець…
Тут дні люцей і ледзянісьцей,
тут сны суровей і цямней.

Цямнее зірк, цямнеюць твары:
шмат трэба працы, шмат і сіл,
каб заімшэлыя абшары
інакшым цьветам ўскаласіць.

Засеюць лёнам і пшаніцай
беларусы далёкі край.
Быць можа, часам ім прысьніцца
зямлі пакінутай зара.