Старонка:Вежа (1928).pdf/52

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

КАХАНЬНЕ

Атулі рукою залатыя скроні…
За ракою звоніць асака,
Чэзьне ночка за ракою, —
Пачакай!..

За ракою вецер ціхі дол сьвідруе,
Гасьне зорка белаю сьвячой…
Абніму і пацалую
У плячо.

Маладосьці зоры, маладосьці чары!
Распусьціла любая касу.
Ты ня бойся: праз імшары
Пранясу!..

Прытулю да сэрца, прытулю да вуснаў…
Глянь у вочы… любая мая!..
Мы жыцьцё квітнець прымусім —
Ты і я.

Атулі-ж рукою залатыя скроні!..
Перастане шастаць асака;
Згасьне ночка за ракою…
Пачакай!..