Старонка:Вежа (1928).pdf/43

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Нам-бы, мабыць, гэткіх палацаў
не пабачыць, як сваіх вушэй!..
Муляры рытмуюць песьню з працай,
і муры растуць штодня вышэй.

І ўзрасла на дзіва камяніца.
Цешыць сэрца сьвежасьць белых сьцен
Нават і суседняя званіца
перад ёю затанула ў цень.

Палілася сіла з жыл мядзяных,
пацякла з паверху на паверх.
І ліхтар кульгавы жоўтай плямай
перад новым сьветам ціха зьмерк.

Заміргалі ціхія газьніцы
з шэрых хатак, нізкіх і сьляпых.
Што яны прад стройнай камяніцай?
Як прад імі — прыдарожны пыл!..

Прыдзе час, і з прыдарожным пылам
попелам рассыплюцца яны,
бо буяней кроў ў мядзяных жылах,
бо цьвярдзейшы крок у камяніц.

І, як цені, у глухім завулку,
дажываюць свой нядоўгі век,
покуль муляр малаточкам гулкім
ім ў труну заб‘е апошні цьвек.

|}