Старонка:Вежа (1928).pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Дзеці палёў і лясоў —
пяцера беларусоў.
Выйшлі яны з грамадой
з горам сваім, з жальбой,
раны і крыўды свае
вынесьлі ў белы сьвет…

Душыць прыгнёту змрок,
сочыць варожы зрок…
У панскай Варшаве гульба,
у панскіх палацах баль:
зробіць за ўсё разьлік
крэсаў усходніх мужык.

У шэры сярмяжны ўзьмёт
выкінуў сьмерць кулямёт…
Пяць палягло — ня ў сьне,
пурпурам выцьвіў сьнег…
І адыходзіў дзень
з ценьмі нязбытых надзей.

З косаўскіх ціхіх стрэх
хто гэту цень сатрэ?..
Хто ў варожым кругу
выбеліць кроў на сьнягу?
Хто яшчэ можа маўчаць
там, дзе загінулі пяць?..