паўтараюцца роўналежна з тымі падзеямі і дзеяньнямі, што разьвіваюцца. Усе паасобныя зьявы роўналежнасьці зьвязаны між сабой і лёгічна, і эмоцыянальна. Сувязь першага роду выяўляецца ў тым, што паасобныя зарысоўкі прыроды у кожным з гэтых апавяданьняў становяць сабой адзін агульны малюнак, цэльны і скончаны; у апавяданьні „У старых дубох" даецца малюнак восені на Нёмне; у апавяданьні „Злучыліся" — малюнак вясновай прыроды. У дзеях герояў гэта счэпленасьць выяўляецца ў лёгічным чаргаваньні адных фактаў за другімі. Эмоцыянальная афарбованасьць ва ўсіх трох творах мае адзін і той-жа характар: увесь малюнак абвеены глыбокім сумам, трывогай ды страхам. Гэта аўтар падкрэсьлівае вельмі часта пры дапамозе таго ці таго стылістычнага спосабу.
„У старых дубох": „у леце пачыналася ўжо тая чуць значная зьмена, той паварот часу, калі жыцьцё прыроды ідзе на ўбытак. Скошаны луг і раскіданыя курганамі стагі, парыжэўшыя ад дажджоў і сонца, ужо гаварылі аб гэтым уміраньні" (19); „здавалася, прырода была закалыхана гэтым крыху сумным звонам" (20); „разгаворы Базыля і Грышкі аб чэрцях, аб раі, сьмерці" (22-23); „сьпевы былі нейкія невясёлыя, і яму стала маркотна"... (25) і г. д.
„Малады дубок": „шырокая, разложная верхавіна і адсечаныя сукі пазіралі так невясёла, так сумна, бы тыя пакінутыя бацькам дзеці" (55); „у лесе было ціха і маркотна" (56); „Максім трывожна азірнуўся вокал" (56); „Максім ніяк ня мог супакоіцца" (57); „нейкі страх і трывога душылі яго" (58); „чым бліжэй падыходзіў ён (Андрэй) да лесу, тым больш чуў ён страх. А змрок, густы, халодны, няпрыветны, нярухома аблягаў зямлю"... (61); „нейкая жуда ахапіла Андрэя. Пачуваньне маркоты і адзіноты агарнула яго" (62); „было штось страшнае ў гэтым нямым спакоі лесу, і гэты страх перадаваўся Андрэю... (63) і г. д.
У тым ці іншым выглядзе гэта псыхолёгічная афарбоўка ёсьць і далей да самага канца. Тое самае можна адзначыць і ў апавяданьні „Злучыліся": „так было цёмна яму (зернятку) у зямлі пад сьнегам, так холадна і маркотна" (204); „столькі ў іх (у зыках песьні) было ласкі, просьбы, радасьці і нейкай патайной жальбы" (206); „Юрка помніць, як яна (мама) ляжала з закрытымі вачыма, як плакалі ў хаце"... (208); „плача беднае дзіця здушаным плачам, і страшна яму" (208); „затрыманыя сьлёзы капалі яму на сэрца, асядалі на дно душы, і вобраз мамы ўставаў тады перад ім" (209); „Юрка, раскрыўшы роцік, пазіраў сваімі сінімі, як васількі, вочкамі, поўнымі страху і трывогі" (209); „цëтка пакруціла сама сабе галавою і паднесла хвартук да вачэй: ёй жаль было хлопца" (211); „Юрка цэлы дзень, як злодзей, туляўся па зарасьлях за сялом, па густых лозах на беразе рэчкі; але ўсюды даймаў яго страх, не даваў нідзе яму супакою" (212) і г. д.
Усе тры апавяданьні канчаюцца вельмі сумна; у першым: Базыль, які зваліўся ў Нёман, але быў выратаваны адтуль, застаецца назаўсёды