Перайсці да зместу

Старонка:Біяграфія Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (Шарахоўскі).pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яго мове варта і што гэтыя кніжкі — патрэбны».

У сваіх намаганнях залажыць асновы новай беларускай літаратуры Дунін-Марцінкевіч шукаў сабе прыхільнікаў і пад яго ўплывам Сыракомля, Вінцук Каратынскі, Арцём Вярыга-Дарэўскі таксама пачалі пісаць на беларускай мове. Следуючы прыкладу Дуніна-Марцінкевіча ў перакладзе «Пана Тадэуша», Вярыга-Дарэўскі, у прыватнасці, пераклаў на беларускую мову «Конрада Валенрода» А. Міцкевіча.

Паколькі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя ў мінскім культурным жыцці яшчэ моцна адчуваўся польскі уплыў, дык пісьменнік усёткі вымушан быў часам тлумачыць сваю творчасць на беларускай мове перад польскай літаратурнай грамадскасцю. Такім тлумачэннем з'яўляецца ліст Дуніна-Марцінкевіча да вядомага польскага пісьменніка Іосіфа Крашэўскага, упершыню надрукаваны ў «Газеце польскай» (1861 г.. № 111, ст. 2). У гэтым лісце Дунін-Марцінкевіч пісаў: «Жывучы сярод народа, які гаворыць беларускай гутаркай, звязаны целам і душою з яго спосабам думак, думаючы аб лепшай долі гэтага братняга народа, які застыў у дзяцінстве і цемнаце, пастанавіў я, каб заахвоціць яго да асветы, у духу яго звычаяў, паданняў-легенд і здольнасці душэўнай, пісаць у яго роднай мове; і вось з радасцю я хутка угледзіў, што выданыя мною: Сялянку, Гапона, Вечарніцы, Дудара, Купалу народ прыняў з аграмадным упадабаннем, а моладзь з запалам пачала вучыцца чытаць і з памяці паўтараць мае, гэтак для яе мілыя творы. З гэтае прычыны распаўсюджваецца ўжо сёння ў часці над Вяллей і Нёмнам, над Свіслаччу, Бярэзінай, Дзвіною, Дняпром і г. д. чытанне беларускага друку, а раз ужо ахвота і любоў да духовае стравы разбуджаны, знойдуцца часам больш багатыя матэрыялы ў роднай мове».

Як мы бачым, тут таксама і ў іншых сваіх выказваннях па гэтаму пытанню Дунін-Марцінкевіч адстойвае сваё права пісаць на беларускай мове і для шырокіх народных мас.

Пры ўсім тым Дунін-Марцінкевіч пісаў творы і на польскай мове. Толькі яго творы на польскай мове ў мастацкіх адносінах значна слабейшыя за беларускія, яны не маюць гісторыка-літаратурнага значэння і з гэтае прычыны не ўключаюцца ў гісторыю польскай літаратуры.

Прайшло амаль дзесяць год з часу выхаду ў свет «Сялянкі», пакуль з'явілася ў друку новая кніга твораў Дуніна-Марцінкевіча. У 1855 г. у Мінску быў надрукаваны «Гапон, аповесць беларуская, з праўдзівага здарэння, на мове беларускага люду напісаная» у адной кнізе з некалькімі вершамі на польскай мове, якія належаць да перыяда з 1848 па 1855 г. Выхад у свет «Гапона» знаменаваў сабой пачатак энергічнай дзейнасці Дуніна-Марцінкевіча па выданню сваіх твораў. У тым-жа 1855 г. у Мінску вышла у свет і другая кніжка твораў Дуніна-Марцінкевіча пад назваю «Вечарніцы і заварожаны». Гэтая кніжка апрача беларускага твора «Вечарніц» змяшчала меладраму у пяці абразах «Заварожаны» на польскай мове.

У наступным годзе, таксама ў Мінску, была выдадзена яшчэ адна кніга Дуніна-Марцінкевіча, якая змяшчала у сабе тры аповесці і і верш. Кніга мела назву «Цікавішся? Прачытай!». Тут паміж твораў на польскай мове была надрукавана беларуская аповесць «Купалле».

У гэты час Дунін-Марцінкевіч як пісьменнік ужо карыстаўся вялікай папулярнасцю. Цікава адзначыць, што не толькі ў творах, але і ў жыцці, у побыце пісьменнік любіў народную прастату. Так, напрыклад, калі у 1856 г. Дуніна-Марцінкевіча наведалі ў Мінску паэт В. Сыракомля, кампазітар С. Манюшка і скрыпач А. Контскі, дык ён на прыёме гасцей выступіў на чале трох дачок, якія былі прыбраны ў беларускае вясковае адзенне і неслі ў ру-