Старонка:Бярозка (1912).pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Адрокшыся службы, воўк пажаліўся сваім сябруком. Папрабавалі тые заступіцца за яго, але нічога не дабіліся. Пайшлі тады ваўкі грамадой з жалабай да цара свайго — льва.

Леў, выслухаўшы справу, асудзіў так: «лепш жывіце ў лесі, чым ў такой хаці, дзе вас могуць здрадзіць, а як ўсё жывое без яды ня можэ абыйсьціся, так і вы, не перэбіраючы, што і чыё, хапайце і ешце; на прыпадак-жэ голаду дам вам доўгавечную карову, карміце і дагледайце яе толькі добра, а малака — яды хваце».

С таго часу сталі ваўкі жыць у лесі, займацца рабункам, а да таго — даіць сваю карову і дзяліцца малаком.

Але час ад часу паміж згоднай даўней воўчай сям’і пачаліся звадкі, завялося шэльмоўства; харчэваць карову ўсім разам прыйходзілося, а як падойдзе дзяліцьба малака, дык адзін так набухаецца яго, што чуць адпаўзе, а іншы зусім с пустым жыватом пасунецца.

Каб як зарадзіць проціў гэткаго ашуканства, склікалі ваўкі сход, на каторым прызналі: на кожны дзень назначыць чароднаго ваўка, каторы-б дагледаў карову і ўдой весь ад яе забіраў сабе.

Цешыліся ваўкі с такога мудрахітраго свайго пастанаўленьня, але ня доўга. Кожны воўк, як толькі падойдзе яго чародны дзень, разважае сам сабе: на якое ліха мне карміць гэту карову, калі з гэтаго харчу прыбудзе малака ня столькі мне, колькі заўтрашняму чароднаму; хай-жэ сабе той і важдаецца з ёй, а я што выдаю — то і маё.

Як сталі гэтак дагледаць сваю кароўку дачэсные гаспадары, дык, калі не пажывяцца дзе на старане баранчыкам, ці так чым колечы, зубамі ляскаць прыходзіцца.