VI.
А Беларусь бязбожніцаю стала,
Цьвіце, расьце, партыйкай маладой,
Глядзіць у даль — ў Эўропу капітала,
Трасе сярпом і молатам з гразьбой.
На ёй блішчаць і літары і кропкі
Ў агні сьцягоў савецкіх устаноў.
Рабочы там і селянін у атопках
Вартуюць край ад дзікіх грызуноў.
О, шчасьця шмат над быўшай лысагоркай
Тут быўшы «хлоп» знайшоў сябе цяпер.
Варожыць цьвет пяцікантовай зоркі,
Абліт красой узор С. С. С. Р;
О, колькі ў тых у літарах значэньня!
За іх сыноў шмат лепшых палягло.
Тут не адно людзкое пакаленьне
Сваіх байцоў за волю аддало.
Няхай наш сьцяг спрабуе зьдзерці з мейсца
Ганебны пан, сусьветны капітал:
Тады мы ўсе — чырвоныя армейцы,
Тады мы ўсе — чырвоны, страшны шквал.
VII.
А Беларусь зрабілась будаўніцай,
Куе свой лёс, будуе новы быт.
Усюль кіпіць магутная крыніца,
Ніводны кут у краі не забыт.
Куе ў адно і гарады і сёлы,
Ў адзін саюз, у творчы, моцны чын.
Працоўны люд сьпявае гымн вясёлы,
І мазалю тут лішне супачын.