Перайсці да зместу

Старонка:Буралом (1925).pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І Май абліт фантанам бурных клічаў,
І ён у будучыну мкнецца грозным лётам,
Трывожыць стары сьвет сваім абліччам,
Блішчыць вясной чырвоным самалётам.

У гымн адзін сусьвет людзей бяздольных
У гэты дзень да барацьбы імкнецца,
У гэты дзень так хочацца раздольля
Нявольнікам суровых ліхалецьцяў.

У ліку дзён дзень вешні Першы Мая
Красуецца, бы сонца паміж хмараў.
Ён багачоў паўстаньнямі пужае,
Бяздольнікаў склікае пад штандары.

Міжнародны дзень моладзі.

Дайце дарогу Зьмене Чырвонай,
Гэй, адступіся, сьвет забабонаў,
Шэптаў-замоў!
Сонечнай бурай, вогненнай сілай
Богу старому рые магілу
Наш Комсамол.

Мчыцца па сьвету духам бязбожжа,
Шлях свой знаходзіць на бездарожжы,
Мкнецца у даль.
Любіць паўстанне, дужыцца рад ён,
Вольніцы воін, сын барыкадаў,
Бунтаў каваль.

Гэй, падымайце у вышку паходні
Ў дзень урачысты, дзень міжнародны,
Моладзі дзень!
Сьвет паднявольны зруш да змаганьня,
Ціхія далі ў бурнае раньне
Ў чырвань адзень.