Перайсці да зместу

Старонка:Будні (1929).pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЗЬЯВА II
Стэпа — Палашка — Паўлюк

Паўлюк (уваходзячы). Чаго крычыце, мама?.. Пра што ідзе дыскусыя?

Стэпа (не зразумеўшы). Чаго?

Паўлюк. Праз што спрачаецеся?

Стэпа. Спытай сястрыцу сваю ласкавую!.. (Хоча ісьці, вяртаецца). А ты накажы той сваёй Юстынцы, каб яна і на двор не паказвалася, бо, далібог, сабакамі зацкую. Зараз была, грошы прасіла!.. Цьфу!.. Ні сораму, ні сумленьня ў людзей няма!.. Госпадзі, і калі гэта скончыцца?! (Выходзіць).

Паўлюк. Мама, кінь ты спадзявацца, што прыдзе хтосьці, прагоніць бальшавікоў, адбярэ ў беднякоў наша дабро, беднякоў пастраляе, ці павешае…

Палашка. Усе мы добрыя!.. На сябе паглядзі.

Паўлюк. Я што?.. Я, можна сказаць, афяра… Я пакутую за тое, што мой бацька быў калісьці спрытнейшым за іншых, змог дабра нажыць… Вось і ўся мая віна. Я, можа-б, усёю палітыкаю верхаводзіў, каб ня быў сын кулака. Вось маё і горанька, што тут мне няма ходу… Не для таго мяне вучылі, каб тут у гнаі капацца.

Палашка. Для таго, мабыць, каб дзяўчат псаваць?..

Паўлюк. Хто іх там псуе?.. Самі яны псуюцца…

Палашка. А Юстына?..

Паўлюк. Ды што ты мне Юстынаю вочы колеш?.. Юстына!.. Сам знаю, што Юстына!.. Ня ведаў-жа я, што ў яе дзіцё родзіцца.

Палашка. Ня ведаў!.. Маленькі ты, нічога не разумееш?..