Перайсці да зместу

Старонка:Будні (1929).pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Шчусь (пасьля паузы). Ну што, гаварыла з Несьцерам?

Палашка (безнадзейна). Ды гаварыла…

Шчусь. Што-ж ён кажа?

Палашка. Маўчыць… Маўчыць ды сапе. Я думаю, што паддасца… Штосьці вельмі журыцца пачаў… Ды сёньня ўжо край: альбо так, альбо няхай цалуецца з сваімі беднякамі, галадранцамі. Абрыдла! Даволі!

Шчусь. Так, так… А дзе-ж ён зараз?

Палашка. На нейкі сход пацягнуўся…

Шчусь. А-а! Так, так…

Язэп. А навошта гэта вам Несьцер патрэбен?..

Палашка. Ды вось тата хочуць…

Шчусь. Хачу, Язэпка, у таварыства да Несьцера далучыцца… Каб, значыцца, гаспадарыць разам… Ну і ў таварыства малочнае таксама хачу ўвайці… Адным словам, бачу я, што старэю ўжо, помачы няма, гаспадарка вялікая, на парабкоў спадзявацца нельга, а на сыночка майго (ківае на Паўлюка) малая надзея: якійсьці ён малахольны…

(Паўлюк наўмысьля кашляе).

Язэп. А што-ж вам на гэта Несьцер?..

Палашка. Ды, кажу-ж вам, маўчыць!.. Можа-б вы дзед, з ім пагаварылі? Самі бачыце, як жывем? Мала яшчэ нагараваліся?.. Час ужо і аб сабе падумаць, ня ўсё пра іншых.

Язэп. Ды яно, як-бы сказаць, праўда…

Шчусь. А можа не?.. Хіба я гэтакага сваёй дачцы жадаў?.. Думаў, за гаспадаром жыць будзе… А яно вун што вышла… (Дакараючы). Каханьне!.. Жыць без яго не магу! Прападу бяз Несьцера!.. А цяпер вось і за Несьцерам прападаеш…

Палашка. Даволі ўжо, тата…