Старонка:Будаваньне Савецкае Беларусі.pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

рана гатаваліся да гэтага акту; агульнарасійскія організацыі, што працавалі на абшарах Беларусі, не маглі ўхіліцца ад пастаноўкі іх і ў сябе на нарадах ды зьездах.

Беларуская Сацыялістычная Грамада, рэгулюючы бела­рускі нацыянальна-соцыялістычны рух да 1917 году і ў 1917 годзе, вяла яго помеж з разьвіцьцём рэволюцыі, ня ўхіляючыся ў бок. Дзякуючы гэтаму, натуральным парадкам пералілася ў лепшую частку беларускіх працаўнікоў ідэя саветаў, ідэі комунізму. Ужо на беларускім конгрэсе ў Менску 14 сьнежня гэтага году ясна адзначылася гэта ў рэзолюцыі конгрэсу, якая казала аб неадкладнай патрэбе ўтварэньня краёвай ула­ды ў асобе Усебеларускага Савету Сялянскіх, Салдацкіх і Рабочых Дэпутатаў. Цэлы рад прычын не дазволіў замацавацца гэтаму ў ахопе агульна-беларускага руху. Аднак прынцыпы Савецкае ўлады, Савецкае Беларусі прасякаюць добрую пало­ву беларускіх рэволюцыйных сіл, беларускіх рабочых і сялян і паступова гуртуюць іх перш вакол Беларускага Нацыяналь­нага Камісарыяту, а пасьля—вакол беларускіх сэкцый РКП ў Маскве, Пецярбурзе, Менску. Нямецкая окупацыя і спробы окупантаў стварыць незалежную Беларусь пад нямецкім протэкторатам і гутаркі аб гэтым паміж немцамі ды беларускімі соцыялістымі-згоднікамі—паслужылі пасьпешнаму ўплыву агі­тацыі за Савецкую Беларусь сярод беларускіх працоўных мас. К канцу 1918 году, калі выбухнула нямецкая рэволюцыя і окупацыя лопнула, воляю беларускіх працоўных мас у васобе конфэрэнцыі беларускіх комуністычных сэкцый РКП (25 сьнеж­ня) і конфэрэнцыі РКП Паўночна-Заходняе вобласьці (26 сьнеж­ня) была абвешчана Беларуская Савецкая Рэспубліка.

Беларусь упяршыню на працягу доўгавяковае гісторыі свайго жыцьця стала дзяржаўнаю адзінкаю, роўнаю з Соцынлістычнымі краінамі—Украінай, Расіяй, Латвіяй. Беларускі ра­бочы й селянін з неаформленага, з нязнанага блудзяча-парабка стаў гаспадаром свае дзяржавы, рэволюцыйным грамадзянінам. У яго пачалася дзяржаўная творчасьць. На эўропэйскай мапе вырасла новая рэспубліка, новы народ. Вырасла зразу ў вольную краіну, пераступіўшы многія стадыі разьвіцьця і памясь­цілася на рубяжы старога сьвету, побач з панскаю Польскаю рэспублікаю. Гэта апошняя, вынікшы з вялікае імпэрыялістыч­нае вайны, прасяклася пры сваім нараджэньні духам імпэрыя­лізму. Існаваньне Савецкае Беларусі дражніла новасьпечаных польскіх імпэрыялістых і апошнія пашлі вайною на беларускіх рабочых і сялян.

II

Змаганьне, гэткім чынам, за савецкую Беларусь пера­шло ў новую фазу. Яно захапіла ўсіх працаўнікоў Беларусі і мусіла адбывацца са зброяй у руках на фронце. Творчая