|
„Ад крыві чырвонай Нёман фарбаваўся,
Ладзіліся гаці з трупаў на вадзе;
Стогн разьні адважнай гулка раздаваўся…
Бітва як ніколі … Бітва як нідзе!
Людзі, коні ніклі каласамі ў полі, —
Малаціў галовы алавяны град…
Жартавалі ў сьмерці — лезьлі яшчэ болей;
Топчылі жывыя няжывых грамад.
Затуманіў неба цёмна-дымны порах,
Жорлішчы гарматаў каркалі агнём;
Ціхія сялібы нішчыў дзікі вораг…
І дабро людзкое панясло віхром.
У зямлі глыбока рыліся шрапнелі,
Над зямлёй высока пёрся самалёт;
Сярод іх, над полем груганы ляцелі,
На гульню-вячору ладзілі паход.
Ой, для іх пажыва вельмі ўжо багата!
Ой, вісіць бязьмерна гібель над зямлёй!
Ой, крыві залішне! Ой, крыві занадта!
Ажна ап‘янелі, патанулі ў ёй!…
Гэй ты, бацька-Нёман, бачыў ты спрадвека
Гэткія рабункі на сваіх вадах?…
Ці няма граніцы злосьці чалавека?
Ці ўвесь сьвет павінен гінуць у сьлязах?
А крывавы Нёман з берагоў падняўся,
Якбы пасыцеў ён ад сваіх ахвяр,
Па пяску, каменьні буйна разагнаўся,
У абоймах сьціснуў ён палёў абшар…
Нёман сказ свой гукнуў:… Хай гудзяць віхоры!
Хай грымяць гарматы! Хай нясецца стогн!
Хай шкілеты косьці вырастуць у горы.
Я пішу крывёю вечны свой закон! —
Да сваіх я добры! іх кармлю гадую!
Да чужых я страшны, нібы пекла ліх…
З гэткаю любоўю, як сваіх шкадую,
З гэткай самай злосьцю нішчу я чужых!
- („Ад крыві чырвонай“).
|