Перайсці да зместу

Старонка:Беларусь у песьнях (1920).pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
V.

Чародным этапам жыцьця Беларусі і разьвіцьця беларускае нацыянальнае літаратуры зьяўляецца пэрыод часу "ліквідацыі рэвалюцыі 1905 году", які са зьменным характарам у бок дужэйшае рэакцыі, або паслабленьня, працягнуўся аж да пачатку вайны ў 1914 годзе. У гэты пэрыод Беларусь стала астатэчна на шлях грунтоўнага свайго адраджэньня і замацавала ўсе здабыткі з 1905 г. І з гэтага часу з кожным годам Беларускі рух узрастае і абхоплявае што раз большыя колы беларускага грамадзянства.

Разам з гэтым і беларуская нацыянальная культура пашыраецца, ўзбагачваецца і разьвіваецца. Засновуюцца ўселякія беларускія гурткі, таварыства, тэатры і г. д.

У гэты-ж пэрыод засновуюцца і новыя беларускія часопісі, як "Беларус", "Лучынка", "Саха", "Маладая Беларусь" і інш., а так сама выдавецкія суполкі, якія пушчаюць у сьвет друкованым словам як даўнейшую, так і сучасную новую беларускую літэратуру.

Ведама, маладая беларуская літаратура, што была да тога часу ў векавым загоне і зьневажэньні не магла быць адразу вельмі абшырнай, тым больш, што Беларусь страціла сваю інтэлігенцыю і ёй прышлося абыходзіцца тымі невялічкімі сіламі, на ідэях і песьнях якіх павінна была яшчэ толькі ўзгадавацца і стварыцца новая, праўдзіва беларуская інтэлігенцыя, інтэлігенцыя як з вялікім каханьнем і спагадаю да роднага краю, так і з зразуменьнем усяго значэньня, якое мае праўдзіва кахаючая свой народ інтэлігэнцыя. Усё-ж і пры гэткіх невялічкіх інтэлігентных сілах, але пры моцнай веры ў сваю правату і моц, літэратура беларуская адразу засьвяціла сваёю дыямэнтоваю рознакалёрнасьцю, як па хараству, так і па характару. І гэтая рознакалёрнасьць і хараство нагэтулькі вялікі і цікавы, што трудна наʻт і думаць каб можна было выказаць тут усе гэткія пэрлінкі.