Старонка:Беларусь бунтарская (1925).pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

БЕЛАРУСЬ

Край шумлівых лясоў… Край дрымотных балот…
Край адвечнаю крыўдай замучаны…
Дзе над доляй людзкой плакаў сумны чарот
Ды сьлязіліся вербы плакучыя…

Уладаў, хто хацеў, гэтай сумнай зямлёй.
Усе суседзі над ёй гаспадарылі —
То спраўляў зьдзек і гвалт пан варшаўскі над ёй,
То тапталіся боты баярына…

І ляцелі вякі… І гаротны народ
Вечна гнуўся пад цяжкай нядоляю…
І марнеў сумны край, — край лясоў і балот…
Люд гібеў у нудзе беспатольнай.

Час вялікі настаў… Загарэўся пажар…
Зазьвінелі палацаў ваконьніцы…
Ўсход агнямі прабіў цяжкі мур чорных хмар,
Заглянула к нам раніцы сонца.

І падняў галаву, разагнуўся народ,
Разгарнуў сваё цела сталёвае,
І над сумнаю рэчкай шумлівы чарот
Засьпяваў, загудзеў песьню новую.