— Ды такі ў мяне барада, як лес, а розуму-бы ня было! А гэта знаеш, мой лебедзю, што кажуць: калі-б на панскую мудрасьць ня мужыцкая хітрасьць, даўно-б мужыкі пагіблі…
Далей селянін разсказвае аб сваім сыне і кажа, што хацеў-бы купіць для яго «розуму», калі гэта будзе каштаваць ня надта дорага. Вучань згаджаецца за плату даць селяніну крышку «розуму» для яго сына і пытаецца ўва што ён возьме. Той адказвае:
— Кажуць, маспане, што розум да галавы йдзець; дык гэта ты, вашэць, мне ў вуха накладзі, а я сынку свайму ўдома ўсё вытрасу. — Słuchajże: Verbis coepi novi(s). — Што? што? з вярбы цапы новыя? Не, мой галубчыку, з вярбы лядашча цапы. Вучы чаго іншага. Паруш і розуму лацінскага. — Czy nie chcesz być matematicus? — Гэта, гэта матаць на вус? Гавары больш. — Dobrze. Sunt duo cardines coeli. — Што? што? Дзьве карбоны цэлыя? Ня маю, бачыш, ні аднэй цэлай, вытрасьлі вураднікі…